Абітурыенты хочуць быць праграмістамі і эканамістамі

Беларускія ВНУ завяршылі прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтныя месцы.



prahramisty.jpg

Як паведамляе сайт Міністэрства адукацыі, «першыя вынікі паказваюць, што эканамічныя і IT-спецыяльнасці набралі сваіх абітурыентаў, таксама добра праведзена ўступная кампанія ў ВНУ культуры і МНС».
Высокія конкурсы на ўсе спецыяльнасці будаўнічага і энэргетычнага кірункаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) — ад 230 і вышэй балаў. Больш за 300 балаў трэба было мець пры паступленнi на большасць спецыяльнасцяў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ) і Белдзяржуніверсітэта (БДУ). Сярэдні бал у медыцынскія ВНУ вагаецца ад 250 да 300 і вышэй.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце (БДПУ) ім М.Танка на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці конкурс складзе два чалавекі на месца. Абітурыенты таксама актыўна падавалі ў БДПУ заявы на завочнае аддзяленне: да канца апошняга дня прыёму дакументаў, 12 ліпеня, на 400 бюджэтных месцаў было 630 заяў (конкурс склаў паўтара чалавека на месца).
Прэс-служба Мінадукацыі нагадвае, што з гэтага года ў Беларусі вызначаны пералік з 22 педагагічных спецыяльнасцяў, на якія медалісты і пераможцы алімпіяд могуць паступаць без экзаменаў. Для паступлення гэтыя катэгорыі абітурыентаў павінны толькі заручыцца падтрымкай і рэкамендацыяй педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі. У пералік увайшлі востра дэфіцытныя спецыяльнасці - дашкольнае і пачатковая адукацыя, гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны, біялогія, хімія, геаграфія, матэматыка, інфарматыка, фізіка, тэхнічная творчасць, беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, тэхнічная і абслугоўваючая праца, выяўленчае мастацтва, лагапедыя, сурдапедагогіка, тыфлапедагогіка і іншыя.
Папярэдні аналіз паказаў, што без экзаменаў дакументы ў БДПУ падаў 71 чалавек, з іх 65 — медалісты. Самую высокую суму балаў у БДПУ прынесла абітурыентка на факультэт матэматыкі — 352 балы.
Да 14 ліпеня ВНУ падвядуць канчатковыя вынікі набору на бюджэтныя месцы, а ў абітурыентаў застанецца яшчэ магчымасць паступіць у ВНУ на платнай аснове, паведамляе прэс-служба Мінадукацыі.
Дакументы на платныя аддзяленні ў вочнай (дзённай) або завочнай формах навучання ў Акадэміі МУС, Магілёўскім вышэйшым каледжы МУС, Камандна-інжынерным інстытуце МНС, Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і Інстытуце памежнай службы будуць прымацца да 28 ліпеня.
Гэтыя ж тэрміны вызначаныя для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Для іншых дзяржаўных і прыватных ВНУ тэрміны падачы дакументаў устаноўлены да 31 ліпеня (для завочнай формы сельгаспрофілю — да 30 лістапада).
Усяго ў гэтым годзе ў Беларусі набор абітурыентаў праводзяць 54 ВНУ на 382 спецыяльнасці.
БелаПАН