Абаронцы Асмолаўкі сабралі амаль 9 тысяч подпісаў за захаванне квартала

Гарадскія актывісты, якія абараняюць Асмолаўку, перадалі ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна 1890 «папяровых» і 7087 электронных подпісаў супраць рэалізацыі ПДП тэрыторыі ў межах вуліц Старавіленская — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычная.

фота tut.by

фота tut.by


Актывісты, мясцовыя жыхары і неабыякавыя мінчане ўжо амаль месяц актыўна спрабуюць адбіць Асмолаўку ад зносу, збіраючы подпісы ў мінчан.

За тры тыдні ўдалося сабраць амаль 9 тысяч подпісаў. Акрамя іх у выканкам перадалі свае заўвагі і прапановы па праекце. У іх актывісты паказалі на парушэнні, якія, на іх думку, ёсць у праекце. Самае галоўнае — праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі не адпавядае генплану сталіцы.

— Згодна з генпланам гэтая тэрыторыя адносіцца да тыпу тэрыторый грамадскіх зон шматфункцыянальнай забудовы для размяшчэння аб'ектаў міжнароднага, нацыянальнага і рэгіянальнага значэння, з новымі дзелавымі, інфармацыйна-кіраўнічымі і іншымі ўнікальнымі грамадскімі функцыямі. То бок, не для размяшчэння новага шматкватэрнага жылля, як гэта прапануюць праектоўшчыкі, — тлумачаць гарадскія актывісты.

У сваіх заўвагах актывісты таксама звяртаюць увагу на тое, што на праектаванай тэрыторыі 11 будынкаў — помнікі архітэктуры, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

— Наш аналіз прапанаванага дэталёвага плана па зносе Асмолаўкі паказаў, што закладзеныя ў ім ідэі і параметры шмат у чым супярэчаць генпланам Мінска, у такім выглядзе яго нельга прымаць, а толькі адхіляць ці адпраўляць на дапрацоўку. Вялікі грамадскі рэзананс, а гэта і 7087 подпісаў пад электроннай петыцыяй, і 1890 подпісаў сабраных грамадзянамі, кажуць пра тое, што мінчукі хочуць абмяркоўваць іншыя варыянты развіцця квартала, а не яго знос. Мы спадзяемся, што і Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва, і яго старшыня, Павел Лучыновіч, перастануць заставацца ўбаку ў дыскусіях аб развіцці раёна, а ўступяць у дыялог для пошуку аптымальных рашэнняў для захавання інтарэсаў зацікаўленай грамадскасці, — сказаў кіраўнік грамадскай кампаніі «Генплан — для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў.


TUT.BY