ААН прагназуе выміранне беларусаў

Даклад ААН «Перспектывы насельніцтва свету» за 2015 год прадказвае Беларусі скарачэнне колькасці насельніцтва на некалькі дзесяцігоддзяў наперад.



timthumb_php9.jpg

У дакладзе Арганізацыі аб'яднаных нацый гаворыцца, што з-за нізкага ўзроўню нараджальнасці скароціцца колькасць насельніцтва еўрапейскіх рэгіёнаў, у тым ліку краін былога СССР, такіх як Літва, Латвія, Малдова, Украіна і Беларусь, піша "Заўтра тваёй краіны".

Па прагнозах, да 2030 года ў нашай краіне будзе ўжо менш за 9 млн жыхароў, а да 2050 года —  8 125 000 чалавек.

Мэта Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011 – 2015 гады — стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,44 – 9,45 млн чалавек і забеспячэнне пераходу да дэмаграфічнага росту. Мяркуючы па дадзеных Белстата, мэта-мінімум дасягнутая.

Засталося дачакацца росту. Калі ён здарыцца, Беларусь стане краінай-выключэннем ва Усходняй Еўропе.

Аднак беларускія сацыёлагі не лічаць, што трэнд на дэпапуляцыю магчыма змяніць. Хоць сярод краін Еўропы выключэнні вядомыя: Францыя, Скандынавія. Але ў Францыі, напрыклад, павышэнне нараджальнасці дасягнута за кошт арабскага і афрыканскага насельніцтва.

Малая працягласць жыцця з'яўляецца яшчэ адной хворай кропкай у дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі. Як адзначаецца ў дакладзе ААН, сярэдняя працягласць жыцця ва Ўсходняй Еўропе ў цэлым адстае ад узроўню ў астатняй частцы Еўропы. Сярод аўтсайдэраў названыя Беларусь, Малдова, Расія і Украіна.

У 2014 годзе ў Беларусі чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні склала 73,2 года супраць 72,6 года ў 2013-м. Чаканая працягласць жыцця мужчын — 67,8 года супраць 67,3 у 2013 годзе, жанчын —78,4 (77,9).

Паводле прагнозу ААН, у 2015 годзе чаканая працягласць жыцця ў развітых краінах можа скласці 78 гадоў, у краінах, што развіваюцца — 68 гадоў. Народжаныя ў 2045 – 2050 гадах змогуць пражыць 83 гады ў развітых краінах і 74 гады ў краінах, што развіваюцца.

Безумоўна, за лідэрамі ўгнацца вельмі няпроста. Напрыклад, у іх не было жорсткага ўздзеяння на працягласць жыцця сацыяльных катаклізмаў, як на постсавецкай прасторы. За 20 гадоў з 1990 па 2010 год у Беларусі працягласць жыцця не павялічвалася, а наадварот, памяншалася. У той час як краіны Заходняй Еўропы паказчык толькі паляпшалі. Напрыклад, у Аўстрыі за гэты перыяд жыць сталі даўжэй на пяць гадоў.