899 рабочых заявілі аб ціску з боку кіраўніцтва пры зборы подпісаў пад лістом прафсаюзаў супраць санкцый
Аб гэтым заявіла Народнае антыкрызіснае кіраванне. Пры гэтым НАК анасуе сустрэчныя крокі.
«Кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда пахваліўся, што 1 130 000 рабочых падпісалі ліст у Міжнародную арганізацыю працы (МАП), у якім выказаліся супраць санкцый ЕС, — гаворыцца ў заяве Народнага антыкрызіснага кіравання. — Дадзеныя НАК і супольнасці «Сумленныя людзі» выразна даюць зразумець: многія подпісы атрыманы пад ціскам.
Чаму мы так думаем? Мы сабралі інфармацыю аб тым, як беларусаў прымушалі падпісваць адкрыты ліст Федэрацыі прафсаюзаў. Гэтыя дадзеныя мы атрымалі з дапамогай чат-бота «ЗАВОД» і чат-бота НАК. Што мы даведаліся?
- 899 завадчан паведамілі пра ціск з боку
кіраўніцтва;
- у апытанні паўдзельнічалі супрацоўнікі 300
прадпрыемстваў — на 181 з іх былі факты ціску;
- часцей за ўсё за непадпісанне ліста рабочым
пагражалі пазбаўленнем прэмій і звальненнямі. На супрацоўнікаў ціснулі
псіхалагічна і падманвалі (скажалі сэнс ліста або давалі на подпіс пусты
бланк).
Што будзе далей? «Сумленныя людзі» і НАК збяруць доказы
ціску ў адзін дакумент і адправяць іх у МАП. А рабочым, якія пацвердзілі ціск, мы разашлем
інструкцыі для асабістага звароту ў МАП.