16 чэрвеня БЧ аднаўляе продаж білетаў у Крым
Беларуская чыгунка аднаўляе продаж білетаў з 16 па 30 чэрвеня ў Крым, паведамляе афіцыйны сайт БЧ.
«Па ўзгадненні з чыгуначнымі адміністрацыямі, што маюць да гэтага дачыненне, Беларуская чыгунка аднаўляе продаж білетаў з 16 па 30 чэрвеня на наступныя цягнікі: № 100/99 Мінск
— Сімферопаль, № 160/159 Мінск — Еўпаторыя, № 486/485 Баранавічы — Феадосія», — гаворыцца ў паведамленні.
Цягнік № 100/99 Мінск — Сімферопаль будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі штодня ў 07.45 і прыбываць на станцыю Сімферопаль-Пасажырскі на наступны дзень у 13.05. Час адпраўлення
цягніка назад з Сімферопаля — 19.20, прыбыцця ў Мінск — 23.17 наступнага дня. У састаў цягніка ўключаныя бесперасадачныя вагоны Брэст — Сімферопаль, Віцебск —
Сімферопаль, Магілёў — Сімферопаль, Гродна — Сімферопаль.
Цягнік № 160/159 Мінск — Еўпаторыя будзе курсіраваць адзін раз на чатыры дні. З Мінска ён будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 20.03 і прыбываць на станцыю Еўпаторыя ў 04.10
праз суткі. Час адпраўлення цягніка ў зваротным напрамку з Еўпаторыі — 09.49, прыбыцця ў Мінск — 15.40 наступнага дня.
Цягнік № 486/485 Баранавічы — Феадосія будзе курсіраваць адзін раз на чатыры дні. Адпраўляцца са станцыі Баранавічы-Палескія ў 18.07 і прыбываць у Феадосію ў 05.00 праз суткі. У
зваротным напрамку цягнік будзе адпраўляцца з Феадосіі ў 09.00 і прыбываць у Баранавічы ў 18.05 наступнага дня.
У БЧ просяць пасажыраў уважліва сачыць за абнаўленнем інфармацыі аб змяненні ўмоў продажу праязных дакументаў на цягнікі на афіцыйным сайце Беларускай чыгункі, а таксама на інфармацыйных стэндах
і касах чыгуначных вакзалаў.
Варта адзначыць, што ў канцы красавіка ва Украіне быў прыняты закон «Аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян і прававым рэжыме на часова акупаванай тэрыторыі Украіны».
Дакумент вызначае статус акупаваных тэрыторый і ўстанаўлівае на іх адмысловы прававы рэжым. Часова акупаванымі тэрыторыямі з абмежаваным доступам, паводле закона, з'яўляюцца Крым і
Севастопаль. «Для грамадзян Украіны, замежнікаў і асоб без грамадзянства ўезд на часова акупаваную тэрыторыю і выезд з яе дапускаецца толькі па спецыяльным дазволе і праз пункты ўезду-выезду
ў парадку, устаноўленым Кабінетам міністраў Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.
Тым часам ніякіх афіцыйных апавяшчэнняў аб увядзенні дадатковых патрабаванняў пры перавозцы пасажыраў у Крым на адрас БЧ ад украінскага боку дагэтуль не паступала.