Вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд. Жыхар Рэчыцы асуджаны да расстрэлу

18 сакавіка ў Рэчыцы вынесены прыгавор 21-гадоваму мясцоваму жыхару, які 29 жніўня 2013 года згвалтаваў і па-зверску забіў 19-гадовую дзяўчыну. Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на выязным пасяджэнні прыгаварыла абвінавачванага да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.



kazn_245.jpg

Малады чалавек абвінавачваўся акрамя забойства, учыненага з асаблівай жорсткасцю і спалучанага з гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару, у злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК), рабаванні (ч. 2 арт. 206), наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання (п. 7 ч. 2 арт. 147), крадзяжы (ч. 2 арт. 205), іншых дзеяннях сексуальнага характару (ч. 3 арт. 167). 


Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 


Нагадаем, жорсткае забойства ўчынена 29 жніўня 2013 года. Знявечаны труп дзяўчыны раніцай знайшоў вартаўнік каля Дома творчасці моладзі ў цэнтры Рэчыцы. Смерць была гвалтоўнай, на целе забітай выяўленыя шматлікія раны, у тым ліку сляды ад удараў. У той жа дзень быў затрыманы падазраваны — раней неаднаразова судзімы мясцовы жыхар, які быў знаёмы з дзяўчынай. 


Следства высветліла, што на момант забойства абвінавачваны быў п'яны і ўжываў псіхатропныя рэчывы. Малады чалавек накінуўся на дзяўчыну, каб згвалтаваць. Ад жорсткага збівання і шматлікіх цяжкіх траўм дзяўчына памерла. Пасля забойства злачынца забраў каштоўныя рэчы ахвяры.


Як паведаміў журналістам дзяржабвінаваўца — начальнік аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Андрэй Лагуновіч, абвінавачваны раней быў тройчы судзімы, з пятага класа трапляў у поле зроку міліцыі. З 15 гадоў адбываў турэмнае пакаранне за розныя злачынствы — крадзяжы, рабаванні, хуліганствы. Апошні раз выйшаў з турмы ў лютым 2013 года і ўжо ў сакавіку ўчыніў чарговае злачынства — злоснае хуліганства. 


У жніўні 2013 года, за некалькі дзён да забойства, ён нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні чалавеку і ўчыніў рабаванне (разам з сябрам напаў на прыпынку грамадскага транспарту на прахожых і абрабаваў іх). 


У апошнім слове абвінавачваны поўнасцю прызнаў віну, заявіў, што раскайваецца, а таксама папрасіў прабачэння ў маці забітай дзяўчыны і сваёй маці. На судзе ён адмовіўся даць паказанні ў частцы таго, што датычылася непасрэдна забойства. 


Маці забітай дзяўчыны заявіла, што задаволеная прыгаворам. Ад зносін з прэсай яна адмовілася. Гэта першы смяротны прыгавор, вынесены ў 2015 годзе ў Беларусі — адзінай у Еўропе краіне, дзе да гэтага часу існуе смяротная кара. Летась у Беларусі былі пакараныя смерцю тры чалавекі.

Міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы шмат разоў заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад практыкі прымянення смяротнай кары.
Алена Германовіч, БелаПАН