ЕС зноў заклікаў Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару
Еўрасаюз зноў заклікаў Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару як да першага кроку да яе поўнай адмены. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Федэрыкі Магерыні.
Заява зроблена ў сувязі з тым, што 18 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на выязным пасяджэнні прыгаварыла 21-гадовага жыхара Рэчыцы да расстрэлу.
"Мы разумеем сур'ёзны характар злачынстваў, за якія асуджаны Сяргей Іваноў, і выказваем глыбокія спачуванні сям'і ахвяры гэтых злачынстваў, —
гаворыцца ў заяве. — Тым не менш Еўрасаюз выступае супраць смяротнай кары ва ўсіх выпадках, бо яна не можа быць апраўданая ніякімі акалічнасцямі. Смяротная кара — жорсткае і
нечалавечае пакаранне, якое не дзейнічае як сродак запалохвання і з'яўляецца непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці".
Як раней паведамляў БелаПАН, судовы працэс па справе аб жорсткім забойстве 19-гадовай дзяўчыны праходзіў у
закрытым рэжыме. Прыгавор быў абвешчаны 18 сакавіка на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда. Жыхар Рэчыцы прыгавораны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.
Пры накіраванні справы ў суд Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што ў жніўні 2013 года малады чалавек у стане алкагольнага ап'янення, а таксама пад уздзеяннем псіхатропных
сродкаў, ноччу на адной з рэчыцкіх вуліц жорстка збіў і згвалтаваў дзяўчыну, у выніку чаго тая памерла. Пасля гэтага мужчына ўкраў яе маёмасць.
Дзеянні абвінавачванага былі кваліфікаваныя следствам па пунктах 6 і 7 часткі 2 артыкула 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю, спалучанае з гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага
характару).
Малады чалавек таксама абвінавачваўся паводле артыкулаў аб злосным хуліганстве, рабаванні, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў і аб іншых дзеяннях сексуальнага характару (артыкул 167 КК). Апошні
артыкул ішоў у прывязцы да пункта 7 часткі 2 артыкула 139 КК (забойства, спалучанае з гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару).
Гэтай жа пазіцыі (што забойства было спалучана з гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару) прытрымлівалася на судзе і дзяржабвінавачанне, якое патрабавала для абвінавачванага выключнай меры
пакарання.
З прыгавору абласнога суда артыкул 167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару) і пункт 7 часткі
2 артыкула 139 (забойства, спалучанае з сексуальным насіллем) КК былі выключаныя.
Прыгавор можа быць абскарджаны ці апратэставаны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН