«Вынас» валюты працягваецца. Беларусы забралі з банкаў больш за 200 млн. долараў з пачатку года

Тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва за першы квартал выраслі на 3,2%, тэрміновыя валютныя дэпазіты зменшыліся на 4,3%, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

1581741272600729.jpg


У грашовым выражэнні тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва ў студзені-сакавіку скараціліся на 200,7 млн. долараў — да 4 439 млн. долараў на 1 красавіка. У той жа час, тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва выраслі на 145,7 млн. рублёў — да 4 678,3 млн рублёў.

Паводле звестак камерцыйных банкаў, насельніцтва ў 2021 годзе цікавіцца ў асноўным кароткатэрміновымі рублёвымі дэпазітамі. «Насельніцтва гатовае трымаць банкаўскія дэпазіты ў рублях на кароткія тэрміны — да трох месяцаў. Рабочыя стаўкі (па якіх рэальна прыцягнуць сродкі насельніцтва) — ад 17%», — паведаміў «БелаПАН» топ-менеджар аднаго з банкаў.

У той жа час, адзначаюць прадстаўнікі банкаўскага сектара, стаўкі па валютных дэпазітах застаюцца на нізкім узроўні (1,25% гадавых у выпадку размяшчэння дэпазіту на тэрмін да года і 2,3% гадавых — па валютных дэпазітах на тэрмін звыш года).

Нізкія працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах, значэнне якіх устаноўлена камерцыйнымі банкамі з улікам рэкамендацый Нацбанка, не матывуюць насельніцтва павялічваць валютныя ўклады ў банкаўскай сістэме, паведамілі «БелаПАН» прадстаўнікі банкаў.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што, з улікам ставак, на рынку адтоку рублёвых дэпазітаў назірацца не будзе, але верагодны адток валютных укладаў.

«Пры захаванні падвышаных ставак імаверная стабілізацыя рублёвых дэпазітаў насельніцтва ў банках. Што тычыцца валютных укладаў, то хуткасць іх адтоку ў параўнанні з мінулым годам замарудзіцца, але адток працягнецца, бо нізкія стаўкі па іх цяпер зусім не матывуюць насельніцтва размяшчаць замежную валюту ў банках», — адзначыў у каментары для «БелаПАН» старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

На думку назіральнікаў, павялічыць валютныя дэпазіты насельніцтва ў банкаўскай сістэме будзе цяжка не толькі з прычыны нізкай даходнасці такіх укладаў, але і з палітычных прычын.

«Каб замежная валюта ў банкаўскую сістэму вярнулася, трэба ўрэгуляваць палітычны крызіс. Гэта дазволіла б павысіць давер насельніцтва да банкаўскай сістэмы. Без кардынальнага паляпшэння палітычнай сітуацыі ў краіне казаць пра поўнае вяртанне валютных дэпазітаў, якія пакінулі банкаўскую сістэму ў мінулым годзе, не даводзіцца», — лічыць аналітык даследчай групы «BusinessForecast.by» Аляксандр Муха.

Нагадаем, у 2020 годзе на фоне ўзніклага палітычнага крызісу тэрміновыя валютныя дэпазіты ў банкаўскай сістэме скараціліся на чвэрць.