Валютнае полымя шугае па прасторах
Курс долара 18 мая на пазабіржавым рынку дасягнуў адзнакі ў 7 500 рублёў за долар. Па такім курсе банкі гатовыя купляць валюту на рынку, не выстаўляючы пры гэтым каціроўку продажу. На чорным наяўным рынку долары можна было прадаць у дыяпазоне 6300–7500 рублёў. Назіраецца шакуючы рост цэн і накапленне праблем у эканоміцы, якія пакуль што не вырашаюцца.
Курс долара 18 мая на пазабіржавым рынку дасягнуў адзнакі ў 7 500 рублёў за долар. Па такім курсе банкі гатовыя купляць валюту на рынку, не выстаўляючы пры гэтым каціроўку продажу. На
чорным наяўным рынку долары можна было прадаць у дыяпазоне 6300–7500 рублёў. Назіраецца шакуючы рост цэн і накапленне праблем у эканоміцы, якія пакуль што не вырашаюцца.
Аляксандр Лукашэнка (відаць, спрабуючы заспакоіць панічныя настроі ў грамадстве) заявіў, што Масква прадставіць Беларусі крэдытную падтрымку на суму 6 мільярдаў долараў. Аднак раней
віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын заяўляў, што Расія не плануе прадстаўляць Беларусі крэдыт з уласных сродкаў. «Мы разглядаем толькі крэдыт ЕўрАзЭС»,
— сказаў Кудрын. Міністр фінансаў Расіі паведаміў, што перамовы па выдачы Беларусі крэдыту ў суме 3 мільярдаў долараў з фонду ЕўрАзЭС (па 1 мільярду ў 2011–2013 гадах) будуць
завершаныя ў бліжэйшыя дні. Па яго словах, Мінск мае намер выставіць у гэтым годзе на продаж шэраг прадпрыемстваў, якія ацэнены ў 3 мільярда долараў. “Будзе прыватызаваны шэраг актываў для
падтрымання аплатнага балансу. Беларускі бок сам будзе вызначаць, якія гэта актывы і ў якія тэрміны. Зыходзячы з патрэб гэтага года, гэта прыкладна каля 3 мільярдаў долараў. Гэта сума, якая мусіць
быць атрыманая ад прыватызацыі ў гэтым годзе, — сказаў Кудрын.
Да таго ж, па інфармацыі расійскага “Камерсанта, Расія разглядае магчымасць набыцця кантрольнага пакета акцый «Белтрансгаза» пры аказанні фінансавай дапамогі
Беларусі. Яшчэ на пачатку красавіка Беларусь заявіла аб магчымасці продажу сваёй часткі 50-працэнтнай дзярждолі ў ААТ «Белтрансгаз». Цягам 2007–2010 гадоў
«Газпром» выкупіў 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» за 2,5 мільярда долараў. Здзелка была здзейсненая зыходзячы з праведзенай у канцы 2006 года банкам “ABN
Amro ацэнкі рынкавага кошту актываў «Белтрансгаза» ў суме 5 мільярдаў долараў. Прагнозы па здачы дзяржаўнай уласнасці паступова рэалізуюцца на практыцы.
Аналітыкі інфармацыйнага агенцтва «РИА-Новости» мяркуюць, што неафіцыйны курс ужо выраўняў умовы знешняга гандлю, таму яго далейшае зніжэнне абумоўлена ў першую чаргу
дэвальвацыйнымі і інфляцыйнымі чаканнямі. Каб спыніць дэвальвацыю, неабходна спачатку прызнаць факт дэвальвацыі і ўсталяваць адзіны курс. Акрамя таго, Цэнтральнаму банку Беларусі неабходна вярнуцца
на валютны рынак. Гэтыя ўмовы, на думку экспертаў «РИА-Новости», неабходныя, але недастатковыя. Нават пры больш высокім афіцыйным курсе попыт на валюту ў кароткатэрміновай
перспектыве будзе вельмі вялікім, таму для задавальнення ўсіх жадаючых атрымаць замежную валюту НБРБ можа спатрэбіцца каля 10 мільярдаў долараў.
Нават у выпадку атрымання ў бліжэйшы час крэдытаў ад Расіі і ЕўрАзЭС у 5–6 мільярдаў долараў, у беларускага Нацбанку патрэбнай сумы з улікам уласных золатавалютных рэзерваў для жорсткага
спынення дэвальвацыі не будзе. У гэтым выпадку дэвальвацыя зможа спыніцца, толькі калі гандлёвы баланс краіны стане станоўчым.
Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч карані праблемы на валютна-фінансавым рынку бачыць у выбудаванай сістэме. Паводле яго слоў, цягам апошніх гадоў банкаўская сістэма Беларусі развівалася
бурна, і мае пэўныя дасягненні. “Але яна ж з’яўляецца галоўным віноўнікам, калі адкінуць кіраўніцтва краіны, абвастрэння грашова-валютнага крызісу. Чатыры буйныя банкі —
Белаграпрамбанк, Беларусбанк, Парытэтбанк, Белінвестбанк — кантралююцца дзяржавай, гэта 65–66% ад агульнага капіталу. 20% кантралюе Расія, 13% — іншыя дзяржавы. І толькі 2%
капіталу кантралююцца прыватнымі ўласнікамі. Рэсурсная база банкаў — 127 трыльёнаў рублёў, але ў гэтай рублёвай базе доля друкарскага станка Нацбанку — 40%. Нацбанк даў рэсурс
камерцыйным банкам правесці пасяўную, уборачную кампанію. На 1 студзеня 2010 года пазыкі камерцыйных банкаў Нацбанку складалі 8 трыльёнаў, а на 1 студзеня 2011 года — 28 трыльёнаў рублёў.
Узнік дысбаланс у рублёвай, валютнай, таварнай масе на рынку, — рэзюмуе Багданкевіч.
Разам з тым прафесар Багданкевіч заклікае не шукаць крайняга толькі ў Нацбанку. “Эмісійны банк Беларусі абвінавачваць нельга, бо асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі зацвердзіў
кіраўнік дзяржавы. Таму, калі з’явілася такая праблема, ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць, каб не парушыць зацверджаныя паказчыкі. Таму я заўжды пераконваю, што эмісійны банк мусіць
мець аўтаномію, бо ўлады мяняюцца, а эканоміцы трэба стабільнасць, — гаворыць былы старшыня Нацбанку Беларусі.
“Больш за ўсё здзіўляе, чаму ўлады дагэтуль не спрабуюць вырашаць рэальныя праблемы. Давялі да поўнай ручкі — сёння хаос на спажывецкім рынку, па ўсіх накірунках галапіруючы рост
цэн. Мы хвалімся, што ў нас укладзеныя аграмадныя рэсурсы ў сельскую гаспадарку. Але якую бульбу мы набываем? З Афрыкі! І гэтак далей. У нас крайне не развіты ўнутраны рынак, якія базуецца на ўласных
рэсурсах. Пасля сыходу ад Савецкага Саюза наша эліта паставіла галоўную задачу — захаваць структуру дзяржуласнасці. І мы хвалімся, што захавалася буйная дзяржуласнасць. А што для народа
— гэта добра ці кепска? Палякі разбурылі — і маюць заробак у 1 300 долараў. Мы не разбурылі — і мелі віртуальныя 500 долараў, а цяпер 300. Дык можа варта было
разбурыць? — заўважае экс-старшыня Нацбанку Багданкевіч.
Прадстаўнікі апазіцыі, прадпрымальніцкіх структур ужо які раз рыхтуюць праект прапаноў ураду. На гэты раз прадстаўлены праект антыкрызіснай праграмы (для прапаноў ён не закрыты), у якім найперш
прапануецца Нацбанку неадкладна правесці рыначную дэвальвацыю рубля і аднавіць адзіны курс валюты. А таксама накіраваць запыт у Міжнародны валютны фонд аб прадстаўленні стабілізацыйнага крэдыту для
падтрымкі нацыянальнай валюты.
У шэрагу прапаноў, якія даўно наспелі ў беларускай гаспадарцы, і рэфармаванне прадпрымальніцкай сферы, і стымуляцыя прыватнай ініцыятывы. Як зазначыў старшыня сталічнага Саюза прадпрымальнікаў і
працадаўцаў Уладзімір Карагін, у сувязі з калапсам на валютным рынку многія прадпрымальнікі вымушаныя скараціць ці згарнуць сваю дзейнасць. Таму неабходна тэрмінова распрацаваць праграму падтрымкі,
якая дазволіла б спрасціць працу ў цяперашніх умовах “барацьбы за выжыванне і захавала б працоўныя месцы.