Узмоцнена адказнасць за невыкананне планаў мадэрнізацыі
У Беларусі ўзмоцнена адказнасць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў за невыкананне планаў мадэрнізацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 18 ліпеня 2013 года № 637.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, дакумент прыняты "для ўзмацнення адказнасці кіраўнікоў арганізацый за забеспячэнне развіцця галін і вытворчасцяў, устойлівага росту нацыянальнай эканомікі".
Згодна з пастановай, невыкананне кіраўніком ці зрыў тэрмінаў выканання мерапрыемстваў, вызначаных у праграме (плане) комплекснай мадэрнізацыі прадпрыемства, на рэалізацыю якіх выдзелены бюджэтныя
сродкі, будзе кваліфікавацца як "грубае парушэнне працоўных абавязкаў". Акрамя таго, у кантракты, якія заключаюцца з кіраўнікамі арганізацый, будуць унесены пункты,
што прадугледжваюць абавязак кіраўніка забяспечваць выкананне мерапрыемстваў, вызначаных у праграме (плане) комплекснай мадэрнізацыі арганізацыі, і адказнасць за іх невыкананне.
Дзяржаўным органам і арганізацыям даручана ў двухмесячны тэрмін прывесці кантракты, заключаныя з кіраўнікамі арганізацый, у адпаведнасць з пастановай. Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага
кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама даручана забяспечыць кантроль за выкананнем узгодненых імі праграм (планаў) комплекснай
мадэрнізацыі арганізацый.
Андрэй Серада, БелаПАН