Улады плануюць стварыць гандлёвы цэнтр з выключна беларускімі таварамі
Плануецца, што такім гандлёвым цэнтрам стане ГЦ «Купалаўскі». Плошчы ў ім будуць здаваць у арэнду прадпрымальнікам, якія гандлююць толькі беларускімі таварамі.
«Мінгандаль, Мінгарвыканкам з удзелам Дзяржкаммаёмасці вырашаюць пытанне аб правядзенні пілотнага праекта па арганізацыі гандлёвага цэнтра, дзе будуць рэалізоўвацца тавары толькі беларускай вытворчасці. Такім мяркуецца зрабіць «Купалаўскі» ў Мінску», — паведаміў БелТА старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
Андрэй Гаеў канстатаваў, што ГЦ «Купалаўскі» размяшчаецца ў цэнтры Мінска, што з’яўляецца істотнай канкурэнтнай перавагай. «Але трэба займацца гэтым цэнтрам. Першапачаткова, калі яго адкрывалі, ён быў хадавым, зараз там працуюць усяго некалькі прадпрымальнікаў», — сказаў старшыня Дзяржкаммаёмасці.
Паводле яго слоў, гэты аб’ект знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. Каментуючы арэндныя адносіны ў гандлі ў цэлым, Андрэй Гаеў нагадаў, што пытанні, звязаныя з дзяржаўнай уласнасцю, рэгулюе ўказ №150.
«Дакументам устаноўлена базавая арэндная велічыня і падыход, згодна з якім да 1 красавіка яна карэктуецца з улікам індэкса спажывецкіх цэн. Да 1 красавіка бягучага года яна складае Br120 тыс», — нагадаў ён.