Гарадзенскія гандляры ў панядзелак зноў выйдуць на плошчу

Гарадзенскія прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках, таксама збіраюцца на плошчу пратэставаць супраць указу № 222. 



grodnarynak.jpg

Фота Твой стыль

У мінулы панядзелак больш за сотню гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якія пратэставалі на плошчы Леніна супраць указу № 222, абвясцілі, што ў наступны панядзелак збяруцца зноў на тым самым месцы і з тымі ж патрабаваннямі. Да іх маюць далучыцца і тыя прадпрымальнікі, хто мае адпаведныя дакументы на тавар і не прыпыняў працы.

На гарадзенскіх рынках працуюць каля дзесяці адсоткаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Пакупнікоў таксама адзінкі. Тавару няшмат, выбар малы. Спадар Уладзімір на рынку «Цэнтральны» распавядае, што ягонай дзейнасці прыйшоў канец і гэта нягледзячы на тое, што ён гандлюе беларускім таварам.

Зарабіць на падаткі і арэнду ўжо не ўдаецца. Спадарыня Алена дадае: Нас улада сама выштурхоўвае на плошчу. Спадарыня Ніна, лічыць, што трэба, каб акцыя была арганізаваная. "Трэба стаяць усё ж да нейкай перамогі, каб з намі лічыліся, размаўлялі, улічвалі нашы патрабаванні. Трэба, каб людзі не баяліся. Але большасць пакуль надта запалоханыя, баяцца ўсяго. А на кухні, вядома, нічога не зменіш", – кажа гандлярка з Гродна, дзе ў панядзелак рыхтуецца чарговы пратэст ІП. 

Паводле беларускай службы Польскага радыё