Статкевіч заклікае людзей прыйсці да прэзідэнцкай адміністрацыі перад мітынгам прадпрымальнікаў

22 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі плануюць правесці чарговы мітынг у Менску супраць прэзідэнцкага указу № 222. Месца мітынгу — Кастрычніцкая плошча, пачатак а 12-й гадзіне.



83e0cb85_3105_4ab5_97a3_23a1585ed014_w640_r1_s.jpg

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі і палітвязень Мікалай Статкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў, што падтрымлівае гэты мітынг, але прапаноўвае перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай прэзідэнцкай адміністрацыі (уваход у адміністрацыю з боку вуліцы Кірава каля «Прэзідэнт-гатэлю») і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем адмены ўказу 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, а таксама зніжэння коштаў паслуг ЖКГ. 

Палітык піша, што сам прыйдзе туды а 12-й гадзіне: «Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашу нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай. У іх ёсць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасць дармаедаў ад улады».

Згодна з указам № 222 прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў.

www.svaboda.org