Улады Беларусі рыхтуюцца да перамоў з МВФ

Падчас удзелу ў вясенняй сесіі Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка, якая пройдзе 17–18 красавіка ў Вашынгтоне, беларуская дэлегацыя прадставіць фонду "дарожную карту" па структурным рэфармаванні эканомікі.



mbf_images.jpg

Паводле інфармацыі БелаПАН, "дарожная карта" прадугледжвае перагляд механізмаў размеркавання фінансавых рэсурсаў у эканоміцы, трансфармацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў, паэтапную адмену практыкі рэгулявання цэн і ўмацаванне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва. 


Рэфармаванне сістэмы размеркавання фінансавых рэсурсаў, у прыватнасці, прадугледжвае паэтапную адмову ад дырэктыўнага крэдытавання эканомікі. Рэалізаваць гэту меру плануецца шляхам уключэння ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады мэтавых паказчыкаў па скарачэнні аб`ёмаў фінансавання дзяржаўных праграм за кошт крэдытнага канала. 


"Дарожная карта" прадугледжвае стварэнне стымулаў для павышэння эфектыўнасці і росту прадукцыйнасці працы дзяржаўных прадпрыемстваў за кошт скарачэння аб`ёмаў дзяржпадтрымкі. 


Трансфармацыя дзяржсектара прадугледжвае рэструктурызацыю буйных прадпрыемстваў і прыватызацыю малых і сярэдніх суб`ектаў дзяржаўнай формы ўласнасці, якія працуюць у сферы паслуг.


Адначасова з гэтым плануецца рэалізаваць меры па паэтапнай адмене практыкі рэгулявання цэн, паступовае павышэнне ўзроўню тарыфаў на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі. 


Праграма рэформ, якую ўлады маюць намер абмеркаваць з прадстаўнікамі МВФ, таксама ўключае ў сябе меры па сацыяльнай абароне насельніцтва. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнай заработной платы. 


Нагадаем, падчас сакавіцкага візіту місіі МВФ беларускія ўлады выказалі зацікаўленасць у новай крэдытнай праграме з фондам. Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман заявіў, што такая праграма магчымая ў выпадку гатоўнасці беларускага кіраўніцтва пайсці на глыбокія структурныя рэформы ў эканоміцы. 


"Для новай праграмы з МВФ па-ранейшаму патрабуецца сур`ёзны намер, выказаны на самым высокім узроўні, рэалізаваць комплексны пакет глыбокіх структурных рэформ і паслядоўнай макраэканамічнай палітыкі, які мог бы быць падтрыманы выканаўчым саветам МВФ", — сказаў Хофман. 


Кіраўнік місіі фонду падкрэсліў, што пакет мер павінен уключаць у поўнай меры гібкі абменны курс, жорсткую макраэканамічную палітыку і смелыя структурныя рэформы з канцэнтрацыяй асноўных намаганняў на пачатковым этапе. 


"Калі ўлады змогуць прадэманстраваць сваю гатоўнасць да такіх рашучых змяненняў у сваёй эканамічнай палітыцы, МВФ гатовы пачаць працаваць над новай праграмай", — запэўніў Хофман.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН