Як выштурхнуць народ з краіны

Кіраўніцтву краіны не пашанцавала з народам. Ну ніяк ён не хоча паводзіць сабе так, як гэта запланавана ў асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2030-га (альбо якога там) года! А таму кіраўнікам трэба новы народ.



135912328.jpg

І захады для таго, каб тут быў "новы народ" ужо прымаюцца.

Мы ўсе думалі, што «падатак на дармаедства» тычыцца дармаедаў. Што гэта спроба скампенсаваць тыя «сацыяльныя гарантыі», якімі дармаеды карыстаюцца задарма (на тое яны і дармаеды). Аднак усё значна складаней. Насамрэч, гэта сапраўды, як казалі злыя людзі, «падатак на жыццё ў краіне». А каму не падабаецца — з краіны прэч! Гэта на тыдні патлумачыла начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Маслоўская.

Адказваючы на пытанне "Еўрарадыё" пра тое, ці можна жыць на заробленыя законным шляхам і назапашаныя грошы, не плацячы падатак «за дармаедства», Маслоўская адзначыла: такое немагчыма. «Распаўсюджваць заплачаныя калісьці падаткі на будучыню нельга. Скажыце, дзе такое магчыма, у якой дзяржаве? Вы працавалі, вы плацілі падаткі, але вы гэта рабілі за той перыяд. Калі вы перасталі працаваць, то мы не можам залічыць выплачаныя падаткі на будучыню. У сваёй практыцы я яшчэ ні ў адной дзяржаве такога не сустракала».

Адзіная ўмова, пры якой можна жыць на зберажэнні, і не плаціць «падатак на дармаедства» — з’ехаць з краіны больш чым на паўгады. «Разглядаючы Дэкрэт №3, то так, вам трэба з'ехаць. Калі пражывеце ў краіне менш 183 дзён у годзе, то будзеце вызваленыя ад збору», — катэгарычна заявіла Маслоўская.

Зразумелі? Гэта сапраўды падатак на пражыванне ў краіне. Хто не хоча яго плаціць, той мусіць з’ехаць. Пэўна, спадарыня Маслоўская спадзяецца, што з’ехаўшых заменіць нехта іншы, а інакш, хто будзе карміць саму Маслоўскую? Яна ж жыве на нашыя падаткі.

Такім чынам, сітуацыя зразумелая. Калі наш «народзец» такі дрэнны, трэба замяніць яго іншым народам. І дзяржава спрабуе гэта ажыццявіць у рэальнасці.

І што самае дзіўнае, у яе гэта атрымліваецца! Як паведамляе інтэрнэт-сайт «Заўтра тваёй краіны», беларусы па тэмпах міграцыі ў Расію — наперадзе ўсёй планеты. Яны апярэдзілі нават кітайцаў!

Па дадзеных Федэральнай міграцыйнай службы (ФМС) Расійскай Федэрацыі, за апошні год (з красавіка 2014 года і па цяперашні час) колькасць беларускіх мігрантаў у Расіі павялічылася на 137,2 тысячы чалавек, ці на 34,4%. Больш, чым беларусаў, у Расію прыехала толькі ўкраінцаў: армія ўкраінскіх мігрантаў у РФ папоўнілася на 950,1 тысячы чалавек ці на 59,2%. Гэта зразумела — прырост адбыўся ў асноўным за кошт бежанцаў з ахопленага вайной Данбаса, да якога Расія прыклала сваю руку.

Варта зазначыць, што па маштабе міграцыі ў Расію беларусы апярэдзілі нават усюдыісных кітайцаў, а таксама грамадзян Казахстана і Арменіі. За апошні год кітайская дыяспара ў Расіі вырасла на 44,4 тысячы чалавек (21,1%), казахстанская — на 78,1 тысячы (13,8%), армянская — на 36,9 тысячы (8%). Менавіта Украіна, Беларусь, Казахстан, Кітай і Арменія забяспечылі за апошні год Расіі станоўчае міграцыйнае сальда: 163,4 тысячы чалавек.

І гэта, дарэчы, колькасць толькі легальна заехаўшых, зарэгістраваных беларускіх мігрантаў. А колькі яшчэ тых, хто ў ФМС Расіі не рэгістраваўся? Нават «крызісная Расія» застаецца для беларусаў прывабнай. А ўжо колькі людзей задумаюцца над тым, каб пакінуць краіну, пасля заяваў спадарыні Маслоўскай!

Між іншым, пакідаюць краіну спецыялісты і дасведчаныя людзі, якія знаходзяць за мяжой працу. У першую чаргу ідзе «вымыванне мазгоў». І гэта, канешне ж, адбіваецца на паказчыках працы нашых прадпрыемстваў.

Белстат у чарговы раз паведаміў пра «дасягненні сацыяльнай дзяржавы». Беларускія прадпрыемствы, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку, за студзень-люты 2015 больш чым у 2 разы знізілі чысты прыбытак у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, чысты прыбытак зваліўся з 5,002 трыльёна да 2,757 трыльёна рублёў.

Сума ж чыстай страты стратных прадпрыемстваў Беларусі, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку, за студзень-люты 2015 года склала 12,3 трыльёна рублёў, што ў 3,3 разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. За студзень-люты 2015 года стратнымі былі 1.874 арганізацыі, або 24,1% ад агульнай колькасці арганізацый, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку (за студзень-лютым 2014 года — 1.479 арганізацый, або 19%).

Рэзюмуем: прыбытак нармальных прадпрыемстваў знізіўся ў два разы, страты стратных прадпрыемстваў павысіліся ў тры разы, чвэрць беларускіх арганізацый стратныя, то бок чвэрць эканомікі, па вялікім рахунку, банкруты. Чаму так адбываецца?

А чаму не? Спецыялісты з’ехалі, з кім працаваць? Хто будзе распрацоўваць новую прадукцыю, новыя бізнэс-планы, новую лагістыку, прасоўваць тавар на рынак? Тыя, хто ўмеў гэта рабіць, паслухаліся парады Маслоўскай, а тых, хто не ўмее, навучыць няма каму, бо — глядзі пункт першы: «спецыялісты з’ехалі». А новых і няма!

І таму нашае становішча будзе пагаршацца. Гэта не я кажу, гэта кажа Міжнародны валютны фонд. Яшчэ мінулай восенню ён прагназаваў, што ў гэтым годзе рост ВУП Беларусі складзе 1,5%. Зараз МВФ ужо сцвярджае, што эканоміка сінявокай па выніку бягучага года абваліцца на 2,3%.

У 2016 годзе эканоміка РБ упадзе яшчэ 0,1%, вынікае з прагнозу. У 2020 годзе рост ВУП сінявокай складзе бездапаможныя 0,5%.

Не лепш ідуць справы і з інфляцыяй. Восенню мінулага МВФ прарочыў беларусам рост спажывецкіх цэн у 2015 годзе на 16,9%. Але прыйшоў 2015-ы, і цяпер, на думку МВФ, краіне прыйдзецца перажыць інфляцыю ў 22,1%.

У 2016 годзе ўладам атрымаецца прытармазіць рост коштаў да 17,4%. Але нават у 2020 годзе краінаў не выйдзе з цэнавага абвалу — МВФ прадказвае Беларусі праз 5 гадоў інфляцыю ў 16,5%.

Карацей, улада робіць, як тыя бізнэсоўцы ў крызіс: «Я ўжо тры месяцы сваім рабочым заробак не плачу, а яны ўсё роўна на працу ходзяць… — А ты зрабі ўваход платны!» Падобна на тое, што для беларусаў зрабілі платным пражыванне ў краіне, але іншага народу для ўлады ўсё адно не знайшлося.