У сельгасарганізацыях ужо павінна ставіцца задача па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў 8–10 мільёнаў рублёў, заявіў Міхаіл Русы

У сельгасарганізацыях ужо павінна ставіцца задача па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў 8—10 млн. рублёў. Пра гэта 28 лістапада ў Мінску ў выступленні на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы.
 



142_09_08_20.jpg

Як паведамлялася раней, у кастрычніку 2012 года ў сельскай гаспадарцы сярэдняя зарплата склала 3 млн. 178,9 тыс. рублёў.
 


"Ужо сёння трэба ставіць задачу на аснове рэзкага павелічэння эфектыўнасці працы сельгасарганізацый выйсці па завяршэнні праграмы ўстойлівага развіцця сяла (2011—2015 гады) на сярэднямесячную зарплату ў 8 млн. рублёў, а ў перспектыве бачыць і 10 млн.", — сказаў Русы.


Паводле яго меркавання, комплексны характар мер, скіраваных на павышэнне эфектыўнасці працы сельгасарганізацый, патрабуе карэкціроўкі ўсіх кірункаў дзейнасці АПК. Найважнейшы з іх складальнік — стварэнне сістэмы арганізацыйна-тэхналагічных мерапрыемстваў. Глыбокая мадэрнізацыя прадугледжвае выхад у перспектыве на паказчыкі выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і дададзенага кошту на аднаго занятага адпаведна 60 і 28,5 тыс. долараў ЗША, што дазволіць дасягнуць узроўню сярэднямесячнай зарплаты больш як 500 долараў ЗША, сказаў віцэ-прэм'ер.


Русы лічыць, што "існуючыя механізмы аплаты працы крыху грувасткія і патрабуюць удасканалення". "Галоўнае, каб яны далі стымул кіраўнікам і калектывам прадпрыемстваў для дасягнення высокіх паказчыкаў вытворчай дзейнасці. Акрамя заработнай платы кіраўнікам прадпрыемстваў па выніках года неабходна размяркоўваць у нарматыўным парадку ад атрыманага прыбытку бонусы і выплаты, якія павінны быць даволі высокімі і матываванымі. Высокую зарплату можна дасягнуць за кошт жорсткіх механізмаў камерцыйнага гаспадарчага разліку", — адзначыў віцэ-прэм'ер.
 


Ён таксама лічыць, што пэўным рэзервам для фарміравання фонду заработнай платы з'яўляецца аптымізацыя колькасці работнікаў, у тым ліку кіруючага апарату.


"На працягу найбліжэйшых двух-трох гадоў неабходна значна перабудаваць аграрную галіну рэспублікі, падрыхтаваць яе да эфектыўнага функцыянавання ва ўмовах адзінага еўрапейскага і сусветнага харчовых рынкаў. За два-тры гады неабходна зрабіць тое, што мы не паспелі зрабіць раней, — навучыцца працаваць на ўмовах самафінансавання і ва ўмовах новых механізмаў дзяржаўнай падтрымкі", — сказаў намеснік кіраўніка ўрада.


Марына Носава, БелаПАН