У Беларусі назіраецца атмасферная засуха

З-за глебавай і атмасфернай засухі месцамі пачалося завяданне бацвіння бульбы, цукровых буракоў, адзначаецца пажаўценне і скручванне лісця кукурузы.



zasuxa.jpg

У другой палове ліпеня на пераважнай тэрыторыі Беларусі назіраўся вялікі дэфіцыт ападкаў — іх выпала не больш за 5-30% ад нормы для гэтага перыяду. У спалучэнні з анамальна гарачым надвор'ем у канцы месяца гэта прывяло да пагаршэння забяспечанасці вільгаццю сельскагаспадарчых культур, на значнай тэрыторыі краіны зарэгістравана ўзнікненне глебавай засухі рознай інтэнсіўнасці.
Вынікі інструментальнага вызначэння вільготнасці, праведзенага метэастанцыямі 28 ліпеня, паказалі недахоп глебавай вільгаці ў многіх раёнах паўднёвай паловы і на захадзе рэспублікі, і нават месцамі ў паўночным рэгіёне. Пад бульбай, кукурузай, карняплодамі і травой шэраг метэастанцый Брэсцкай, асобныя метэастанцыі Гродзенскай, на паўднёвым усходзе Мінскай і Магілёўскай абласцей адзначылі нізкія запасы вільгаці ў глебе — у паўмятровым пласце змяшчалася менш за 30 мм, на асобных участках — менш за 10 мм, у ворным не больш 1-8 мм прадуктыўнай вільгаці. Па дадзеных метэастанцыі Ваўкавыск ворны пласт лёгкіх глеб цалкам высушаны. На фоне анамальна высокіх тэмператур у дзённыя гадзіны адносная вільготнасць паветра паніжаецца да 19-30%, што сведчыць аб узнікненні атмасфернай засухі.
З-за глебавай і атмасфернай засухі месцамі пачалося завяданне бацвіння бульбы, цукровых буракоў, адзначаецца пажаўценне і скручванне лісця кукурузы. У першай дэкадзе жніўня ў сувязі з захаваннем гарачага і ў асноўным сухога надвор'я засуха ўзмоцніцца, стан сельскагаспадарчых культур будзе пагаршацца.

pogoda.by