У Мінску зробяць платнымі ўсе папулярныя паркоўкі ўнутры 2-га кальца
Усе запатрабаваныя паркоўкі ў Мінску ў межах другога транспартнага кальца плануюць зрабіць платнымі. Пра гэта заявіў сёння на аператыўнай нарадзе старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, паведамляе яго прэс-служба.
Гэтыя планы павінны быць рэалізаваны да канца наступнага года.
Цяпер у Мінску ёсць 4,1 тыс. машынамесцаў на адкрытых платных паркоўках. Гэтую сетку да канца 2022-га плануюць развіць да 10 тыс. машынамесцаў, пачаўшы спаганяць плату за стаянку на ўсіх папулярных парковачных зонах унутры другога кальца. Прапануецца зрабіць тарыфы больш гнуткімі, а таксама арганізаваць выдзяленне абмежаванай колькасці абанементаў на закрытыя паркоўкі, каб зрабіць іх загрузку больш раўнамернай.
Дзяржаўнае аб'яднанне «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» атрымала заданне ўзмацніць кантроль за незаконнай паркоўкай у горадзе, у тым ліку з прымяненнем сістэмы «ПаркРайт». Таксама ім даручана больш актыўна супрацоўнічаць з ДАІ для спынення фактаў незаконнай паркоўкі і стымулявання аўтаўладальнікаў паркавацца ў адведзеных для гэтага месцах.
reform.by