У Беларусі хочуць падняць плату за збор пластыкавай упакоўкі

У Беларусі прапануюць павысіць плату для вытворцаў і пастаўшчыкоў за арганізацыю збору пластыкавай упакоўкі і посуду. Гэта прапісана ў пастанове Савета міністраў, якое вынесена на грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. FINANCE.TUT.BY даведаўся, ці адаб'ецца магчымае новаўвядзенне на кошце тавараў у пластыку для пакупнікоў і на колькі вырастуць цэны.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Распрацоўшчыкі дакумента прапануюць павысіць у два разы плату за арганізацыю збору, абясшкоджванне або выкарыстанне адходаў тавараў і ўпакоўкі. Цяпер вытворцы і пастаўшчыкі плацяць 180 рублёў за тону пластыкавых бутэлек, латкоў і іншай упакоўкі, коркаў, накрывак і каўпакоў. Калі пастанову прымуць, з іх будуць спаганяць 360 рублёў. Збор за такую ж колькасць біяраскладальных мяшкоў і торбаў складзе 90 рублёў.
Грошы ад збору будуць паступаць на рахунак Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Улады кажуць, што гэтыя сродкі цалкам пойдуць на ўдасканаленне сістэмы збору пластыкавых адходаў.
Магчымы рост выдаткаў юрыдычных асоб і ІП, якія займаюцца вытворчасцю або ўвозам палімернай ўпакоўкі, тавараў у такім пакаванні і пластыкавага посуду, а таксама выкарыстоўваюць гэтую ўпакоўку і посуд пры вытворчасці тавараў, будзе кампенсаваны ім спажыўцамі, якія купляюць тавары ў палімернай упакоўцы і пластыкавым посудзе, напісана у абгрунтаванні да дакумента.
«Пры гэтым спажыўцы маюць магчымасць выбраць аналагічныя тавары з паперы і шкла, у дачыненні да якіх плата не змяняецца», — гаворыцца ў абгрунтаванні.
Гэта значыць, ужо сама пастанова прадугледжвае, што дадатковыя выдаткі на вытворчасць прадукцыі ў пластыку лягуць на плечы пакупнікоў. Мы запыталіся ў вытворцы, які выкарыстоўвае ПЭТ бутэлькі, як павышэнне збору адаб'ецца на кошце тавару.
— Калі плату за збор, абясшкоджванне і перапрацоўку пластыкавай тары павялічаць да 360 рублёў, гэта значыць у 2 разы, гэта, вядома ж, адаб'ецца на кошце канчатковай прадукцыі, — кажа генеральны дырэктар кампаніі «Дарыда» Дзмітрый Невяровіч. — Адна пластыкавая бутэлька важыць прыкладна 35-40 грамаў. Калі сёння за тону мы плацім 180 рублёў, то цяпер нам прапануюць плаціць 360 рублёў. Можна палічыць, на колькі вырасце сабекошт кожнай бутэлькі.
Мы прыкінулі, што тона — гэта прыкладна 25 тысяч бутэлек, і разлічылі, колькі дадатковых выдаткаў ляжа на кожную зыходзячы з новай велічыні збору. Гэта значыць збор на адну бутэльку будзе каля 1,5 капейкі, вырасце на палову.

Фота: Аляксандра Квіткевіч, TUT.BY

Фота: Аляксандра Квіткевіч, TUT.BY


 Прыбытковасць вытворцы цалкам не бязмежная. Прадпрыемствы ў нашай галіны не жыруюць. Таму пры павелічэнні збору мы будзем вымушаныя падымаць цану на прадукцыю, — тлумачыць гендырэктар. — У Расіі такіх збораў няма, а ў нас ёсць, хоць мы — адзіная эканамічная прастора. І гэта пагаршае нашы пазіцыі на знешнім рынку. Мы вымушаны пакласці ў сабекошт сваю прадукцыю выдаткі на збор. Гэтым самым мы прайграем на некалькі працэнтаў у цане расійскім вытворцам. Плюс энергарэсурсы ў нас даражэйшыя.
Па словах Дзмітрыя Невяровіча, асноўны аб'ём тары, які карыстаецца попытам на нашым рынку, — гэта бутэлькі 1,5 і 2 літра. Зрабіць іх у шкле практычна нерэальна. Таму выцесніць пластык з рынку такім чынам не атрымаецца.
 Таму і існуе падатак на ПЭТ тару. Ён прымаўся для таго, каб гэтыя сродкі ішлі на яе перапрацоўку. Раз павялічваецца падатак, павінна павялічвацца і колькасць перапрацаванай тары. Але пра гэта цяпер ніхто не кажа. Проста падымаецца падатак, — прыкмячае гендырэктар. — Ёсць нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2035 года. Там як раз прапісаны паэтапна адмова ад ПЭТ тары. А ёсць канкрэтнае імгненнае рашэнне, што нам трэба падняць падатак, і ён стане ў 2 разы больш чым цяпер. Якія ёсць перадумовы для таго, каб ён павялічыўся менавіта ў 2 разы, а не, скажам, на 5% ці 50%? Набяруць больш людзей, якія будуць збіраць або сартаваць бутэлькі і пакеты? У нас, як у вытворцы, на гэтае пытанне няма адказу. Чым абумоўлена менавіта такое павышэнне. Павінна быць дакладнае эканамічнае абгрунтаванне.
Чыноўнікі мяркуюць, што павелічэнне збору дазволіць паступова скараціць спажыванне пластыкавай упакоўкі і перайсці на экалагічна бяспечную — шкляную, папяровую, плата за якую расці не будзе.
Аднак калі параўнаць цэны на прадукты ў шкле і ў пластыку, нават з улікам павышэння збору першыя прайграюць — яны ўсё роўна будуць значна даражэйшымі. Раней прадстаўнікі Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату распавядалі, што, да прыкладу, малако ў шкляной бутэльцы каштуе адсоткаў на 15 даражэй, чым у пластыкавай. 730 мілілітраў малака ў шкле абыйдзецца ў 1,74 рубля. 900 мілілітраў малака такой жа тлустасці гэтага ж вытворцы, але ў пластыкавай бутэльцы каштуюць 1,56 рубля. Гэта значыць 730 мілілітраў прадукту ў пластыку каштавалі б 1,26 рубля — на 48 капеек танней. І калі малако аднолькавае, то розніца, хутчэй за ўсё, за кошт упакоўкі.