Тавараабарот Беларусі з ЕС знізіўся амаль на чвэрць

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза ў студзені—кастрычніку 2013 года знізіўся на 23,8% і склаў 17 млрд. 672,8 млн. долараў. Летась за гэты перыяд тавараабарот, наадварот, вырас на 18,5%. 



bel_eu.jpg

За студзень—кастрычнік гэтага года экспарт у ЕС паменшыўся на 42,7% (9 млрд. 43,4 млн. долараў), імпарт — вырас на 16,5% (8 млрд. 629,4 млн. долараў). Станоўчае сальда склала 414 млн. долараў. 
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені—кастрычніку з'яўляліся: Расія — 49,2% усяго аб'ёму тавараабароту; Украіна — 7,9%; Германія — 6%; Нідэрланды — 5,3%; Кітай — 4,2%; Польшча — 2,9%; Італія — 2,5%; Літва — 1,9%; Злучанае Каралеўства — 1,5%; Казахстан — 1,2%. 
Экспарт тавараў у Расію склаў 13 млрд. 966,1 млн. долараў ЗША, што на 4,5% больш, чым за студзень—кастрычнік 2012 года, імпарт з Расіі — 18 млрд. 855,3 млн. (на 19,2% менш). 
Аб'ём экспарту ва Украіну склаў 3 млрд. 525,3 млн. долараў (на 24,8% менш), імпарту ў Беларусь — 1 млрд. 738,8 млн. (на 9,1% менш). 
У Нідэрланды экспартавана тавараў на 3 млрд. 202,3 млн. долараў (на 54,1% менш за паказчык студзеня—кастрычніка 2012 года), імпартавана — на 363,6 млн. (на 1,2% больш). 
Экспарт у Германію склаў 1 млрд. 461,8 млн. долараў (на 0,4% больш), імпарт — 2 млрд. 554,9 млн. (на 19,9% больш). 
У Кітай экспартавана тавараў на 401,5 млн. долараў (на 1,6% больш), імпартавана — на 2 млрд. 369,7 млн. (на 34,1% больш). 
Экспарт у Польшчу склаў 648,3 млн. долараў (на 20% менш), імпарт — 1 млрд. 282,3 млн. (на 15,5% больш). 
Экспарт у Італію дасягнуў 783,3 млн. долараў (на 55,6% больш), імпарт — 889,6 млн. (на 19,8% больш). 
У Злучанае Каралеўства экспартавана тавараў на 668,7 млн. долараў (на 53% больш), імпартавана — на 355,5 млн. (на 13% больш). 
У Літву аб'ём экспарту знізіўся да 899,7 млн. долараў (на 11,9% менш), імпарт павялічыўся да 368,6 млн. (на 25,7% больш). 
Рэзка скараціўся экспарт у Латвію — на 85,1% да 467,9 млн. долараў, імпарт вырас на 2,9% і склаў 123,5 млн. долараў. 
У ЗША экспарт дасягнуў 73 млн. долараў (на 24,1% больш), імпарт знізіўся да 484,1 млн. (на 11,1% менш). 
У Францыю экспарт склаў 72,4 млн. долараў (на 1,2% больш), імпарт — 406,6 млн. (на 16,1% больш).
belapan.by