Сярэдні заробак у студзені быў на 13,7% меншы за снежаньскі
Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў студзені склаў 859 рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».
Гэта на 13,7% менш, чым у снежні 2017 году, калі ў сярэднім беларусы атрымалі па 995 рублёў 30 капеек.
Калі ж параўноўваць з леташнім студзенем, то сярэдні заробак вырас на 138 рублёў 30 капеек. А рэальны прыбытак павялічыўся на 13,8%.
У Мінску ў студзені атрымалі ў сярэднім 1188 рублёў 70 капеек. Гэта самы вялікі паказнік, найменшы — у Магілёўскай вобласці — 723 рублі 90 капеек.
У лістападзе 2015 года Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году запланаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца праз «вялікую колькасць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Кіраўнік краіны ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» долараў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але па выніках 2017 году не толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» долараў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.