Рассельгаснагляд не выключае забароны на пастаўкі малака і мяса з Беларусі
Рассельгаснагляд не выключае ўвядзення забароны на пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі з Беларусі ў сувязі з выяўленнем шкодных рэчываў у прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў.
«На наступным тыдні мы прапануем нашым беларускім калегам правесці перамовы, каб абмеркаваць вынікі маніторынгу беларускай прадукцыі за 9 месяцаў з улікам неабходнасці прыняцця мер, уключаючы ўвядзенне абмежаванняў на пастаўкі», — паведаміў кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт, якога цытуе Інтэрфакс.
Паводле яго слоў, парушэнні выяўленыя ў малочнай прадукцыі кампаній «Бабушкіна крынка», «Савушкін прадукт», «Біякам».
«Актыўны маніторынг працягваецца, відавочна будуць яшчэ вынікі», — сказаў ён.
Як заявіў Данкверт, сярод вытворцаў мясной прадукцыі пад падазрэннем знаходзяцца Бабруйскі, Бярозаўскі, Брэсцкі, Магілёўскі мясакамбінаты, Віцебская бройлерная птушкафабрыка, «Белавежскія дэлікатэсы», агракамбінат «Дзяржынскі» і некаторыя іншыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх не адказвае прад’яўленым патрабаванням.
Данкверт таксама паведаміў, што на перамовах плануецца абмеркаваць і магчымасць працы расійскіх спецыялістаў разам з беларускімі на мяжы Мытнага саюза.
«У сувязі з тым, што ёсць выпадкі паставак забароненай прадукцыі з ЕС праз Беларусь, мы прапанавалі беларускім калегам праводзіць кантроль на знешняй мяжы Мытнага саюза, але нам два тыдні адмаўляюць», — панаракаў кіраўнік Рассельгаснагляду.