Права на працу
Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронцы Алега Волчака на пытанні людзей, якія звярнуліся ў грамадскай прыёмную.
Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронцы Алега Волчака на пытанні людзей, якія звярнуліся ў грамадскай прыёмную.
- У нас на прадпрыемстве змянілі калектыўную дамову, у выніку адмянілі матэрыяльную дапамогу да адпачынку, матэрыяльную дапамогу пры нараджэнні дзіцяці працаўніка прадпрыемства, матэрыяльную дапамогу маладым, якія ўступілі ў шлюб першы раз, дапамогу працаўніку пры выхадзе на пенсію. Ці магу я скасаваць кантракт адразу пасля змянення калектыўнай дамовы, бо былі закрануты істотныя ўмовы працы?
Варывончык Я. І., Пінск
Паводле Працоўнага кодэкса, істотнымі ўмовамі працы прызнаюцца сістэмы і памеры аплаты працы, гарантыі, рэжым працы, разрад, найменне прафесіі, пасады, устанаўленне або адмена няпоўнага працоўнага часу, сумяшчэнне прафесій і іншыя ўмовы, усталяваныя ў адпаведнасці з дзейсным кодэксам.
Пры змяненні істотных умоў працы наймальнік абавязаны не пазней чым за месяц да ўвядзення новых умоў пісьмова паведаміць працаўніку (працаўнікам) пра змены. Пасля заканчэння месячнага тэрміна папярэджання, калі працаўнік не згодны, ён звальняецца паводле артыкула 35 Працоўнага кодэкса.
Калі ж наймальнік у аднабаковым парадку змяніў умовы, то працаўнік мае права звольніцца паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, але факт парушэння павінен быць устаноўлены органам, які кантралюе, або судом. Таму ў дадзеным выпадку варта звярнуцца ў суд за звальненнем. Калі працаўнікоў загадзя не папярэдзілі, то дзейнічаюць ранейшыя ўмовы, і, пры невыкананні іх наймальнікам, вы маеце права таксама звярнуцца ў суд.
- Ці мае права наймальнік не падоўжыць са мною кантракт і звольніць з працы, калі да пенсіі мне засталося дапрацаваць 5 гадоў (прэтэнзій па працы не маю)?
Салаўёва С. С., Віцебск
Паводле працоўнага заканадаўства, гарантыі па падаўжэнні кантракту дапушчаюцца ў адносінах да асоб, якія дасягнулі перадпенсійнага ўзросту (жанчыны — 53 гады, мужчыны — 58 гадоў) пры ўмове добрасумленнага стаўлення да выканання працоўных абавязкаў. Іншых гарантый для асоб, што не дасягнулі згаданага веку, заканадаўства не ўтрымлівае. У дадзеным выпадку наймальнік не парушыў працоўнага заканадаўства, калі не падоўжыў кантракт на новы тэрмін.
- Я працаваў на заводзе, у кастрычніку гэтага года без тлумачэння прычын са мной не працягнулі кантракт. Парушэнняў працоўнай дысцыпліны не было. Ці магу я абскардзіць рашэнне адміністрацыі заводу?
Сідарэнка С. В., Мінск
У адпаведнасці з артыкулам 242 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, працаўнік мае права звяртацца ў суд па справах аб звальненні ў месячны тэрмін з моманту ўручэння працоўнай кніжкі або копіі загада аб звальненні. Калі тэрмін звароту прапушчаны, суд можа яго аднавіць. Пры разглядзе працоўных спрэчак судовыя выдаткі з працаўніка не спаганяюцца.
- Як абараніць свае правы, калі чалавек працуе на кантрактнай аснове, а на працы яго ўвесь час прыніжае кіраўніцтва? Куды ў такім выпадку звяртацца?
Голікава С. Ф., Смаргонь
Права на абарону правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у вызначаныя законам тэрміны гарантавана кожнаму (артыкул 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Каб абараніць свае правы, свабоды, гонар і годнасць, грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.
- Чалавек знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, з’яўляецца злосным парушальнікам парадку ўтрымання (бо там адмаўляецца ад працы). Адміністрацыя выпраўленчай установы паведаміла яму, што выйшаў нейкі закон, які дазваляе здымаць грашовыя сродкі з асабістых рахункаў такіх асуджаных асоб (непрацуючых). Здымаць грошы, нібыта, можна за камунальныя паслугі, ежу, якой кормяць, і пры гэтым адміністрацыя мае права не інфармаваць чалавека, колькі грошай знялі з яго асабістага рахунку. Грошы гэтыя дасылаюць сваякі. Атрымліваецца, што яны плацяць за тое, што іх сваяк там сядзіць? Калі гэта ўсё законна, то дзе знайсці і пачытаць гэты нарматыўна-прававы акт?
Барэйка С. У., Мінск
Гэта законна. Паводле артыкула 102 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, з заработнай платы і іншых прыбыткаў асуджаных да пазбаўлення волі здзяйсняюцца ўтрыманні для пакрыцця кошту ежы, вопраткі і камунальна-бытавых паслуг, акрамя кошту спецыяльнай ежы і адмысловай вопраткі. Выключэнне робіцца для асуджаных, згаданых у частцы 6 артыкула 94 дзейснага кодэкса: асуджаным, вызваленым ад працы па хваробе, тым, хто не працуе па незалежных ад яго прычынах, асуджаным цяжарным жанчынам і маці, якія кормяць, на перыяд вызвалення ад працы ежа даецца бясплатна; асуджаным, якія змяшчаюцца ў выхаваўчых калоніях, а таксама асуджаным, што з’яўляюцца інвалідамі I і II групы, ежа, вопратка і камунальна-бытавыя паслугі прадстаўляюцца бясплатна. З асуджаных, што ўхіляюцца ад працы, згаданыя выдаткі ўтрымліваюцца са сродкаў, якія знаходзяцца на іх асабістых рахунках. Кошт ежы, вопраткі і камунальна-бытавых паслуг пакрываецца штомесяц у межах фактычных выдаткаў, зробленых у дадзеным месяцы.