Намеснік старшыні «Белнафтахіма»: Насамрэч бензін не падаражэў

Намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталь Паўлаў заявіў, што 13 студзеня кошты на бензін не выраслі.



benzin_cana.jpg

Ён растлумачыў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы перапрацоўваюць толькі расійскую нафтавую сыравіну, якая набываецца за валюту выключна па перадаплаце і па цане, вызначанай па спецыяльнай формуле.
«Пры увядзенні Расійскай Федэрацыяй з 1 студзеня 2015 года падатковага манеўру кошт расійскай нафты ў супастаўных умовах для Беларусі ўзрос. Гэты фактар таксама аказаў значны ўплыў на прыняцце пастановы аб змене цэнаў нафтапрадуктаў, паколькі ў новых умовах НПЗ аказаліся на мяжы рэнтабельнасці і не могуць у поўным аб'ёме весці мадэрнізацыю, каб і далей быць канкурэнтаздольнымі на рынку», — падкрэсліў Паўлаў.
У доларавым эквіваленце, з ягоных слоў, цэны на паліва знізіліся.
Разам з тым, пастанова Савета Міністраў №1207 ад 19 снежня 2014 года «Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку» выразна забараняе прадпрыемствам павышаць цэны тавараў і паслуг. Як жа гэта ўдалося «Белнафтахіму»?
Віталь Паўлаў заявіў: «Канцэрн «Белнафтахім» з'яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй і дзейнічае строга ў рамках заканадаўства ў межах паўнамоцтваў, дадзеных яму ўрадам Беларусі. Пастанова аб змене з 13 студзеня гэтага года цэнаў на аўтамабільнае паліва прайшла адпаведную працэдуру ўзгаднення».
Паводле БелТА