«Мы не чакалі вас, а вы...». Беларусь шукае новых партнёраў — і пошукі гэтыя пайшлі па «далёкай дузе»

Эканоміка Беларусі ніяк не можа замясціць страчаныя рынкі «калектыўнага Захаду». У пошуку новых напрамкаў збыту айчыннай прадукцыі чыноўнікі паехалі ў самыя нечаканыя куткі планеты — і дакладна не туды, дзе нас выратуюць.

_belarus_selskaja_haspadarka_ekanomika_zyccjo_2023_fota_novy_czas__2__1.jpg

Што аб'ядноўвае Кубу, Венесуэлу, Экватарыяльную Гвінею, Паўночную Карэю, Нікарагуа і Каралеўства Эсваціні? Гэтыя краіны, безумоўна, не ўваходзяць у спіс эканамічна паспяховых дзяржаў. Усе яны выбралі альтэрнатыўныя шляхі сацыяльна-палітычнага развіцця, імі кіруюць харызматычныя, але далёка не дэмакратычныя лідары. Аднак ёсць яшчэ адна цікавая дэталь, якая іх збліжае: з імі актыўна імкнецца наладзіць партнёрскія адносіны Беларусь.

Як так атрымалася, што праз тры дзесяцігоддзі незалежнасці краіна, размешчаная ў цэнтры Еўропы, шукае саюзнікаў сярод такіх неадназначных рэжымаў? Гэтае пытанне становіцца ўсё больш актуальным — з улікам праблем у знешнім гандлі, піша Алесь Гудзія на «Позірку».

Адказ, на першы погляд, ляжыць на паверхні. Але, улічваючы ўсю парадаксальнасць сітуацыі, варта зірнуць на яе глыбей. У іншым выпадку можа скласціся ўражанне, што словы Аляксандра Лукашэнкі пра прасоўванне экспарту, калі ён гаварыў пра продаж дзесяці трактароў, аднаго камбайна і чайнай лыжкі цукру, былі ўспрынятыя ім самім і яго чыноўнікамі занадта літаральна.

Дзе яшчэ чакаюць?

Эканоміка Беларусі заўсёды была арыентаваная на экспарт. З аднаго боку, краіна вырабляе значна больш, чым можа спажыць, што робіць яе залежнай ад знешніх рынкаў збыту. З іншага боку, вытворчасць беларускай прадукцыі патрабуе значнага імпарту абсталявання, паліва і камплектуючых. Гэта азначае, што эфектыўнасць эканомікі ў рэшце рэшт залежыць не толькі ад паспяховасці продажу тавараў за мяжой, але і ад эфектыўнасці закупак неабходных рэсурсаў.


Глядзіце таксама

З таго часу, як напрыканцы 2000-х Масква прыціснула Мінск цэнамі на энергарэсурсы, Лукашэнка пачаў усё больш актыўна прасоўваць ідэю пошуку новых рынкаў. «Не трэба кланяцца, не трэба ныць і плакаць. Трэба шукаць сваё шчасце ў іншай частцы планеты», — сказаў ён у 2009-м. І даў падказку: «Трэба ісці ў іншыя месцы, дзе нас не ведаюць, дзе нас чакаюць».

Пасля падаўлення пратэстаў 2020 года і атакі расійскіх войскаў на Кіеў праз Беларусь у 2022-м у Мінска абваліўся экспарт у ЕС і Украіну, што падштурхнула да пошуку рынкаў збыту ў зусім экзатычных месцах.

Сёння, як паказваюць замежныя паездкі чыноўнікаў рэжыму, Беларусь «чакаюць» у краінах Лацінскай Амерыкі, такіх як Куба, Венесуэла і Нікарагуа, у Афрыцы — Экватарыяльная Гвінея, Зімбабвэ, Эсваціні, а таксама ў Азіі — Паўночная Карэя, Манголія.

Тавар возьмуць, але калі расплацяцца?

Мясцовае насельніцтва, магчыма, сапраўды мала ведае пра Беларусь, але чакаюць там не столькі беларускіх трактароў, камбайнаў, прадуктаў харчавання або ўгнаенняў, колькі тых, хто прапануе гэтыя тавары на выгадных умовах.

Менавіта тут крыецца ключавая памылка беларускіх чыноўнікаў: бачачы высокі нездаволены попыт на гэтых рынках, яны паспешліва звязваюць яго з магчымасцю паспяхова рэалізаваць сваю прадукцыю.

Сапраўды, там маюць патрэбу ў многіх таварах, якія Беларусь можа прапанаваць. Але варта задумацца, чаму гэтыя патрэбы не задаволеныя больш канкурэнтаздольнымі эканомікамі Амерыкі, Еўропы ці Азіі.

Адказ просты: у новых (ці не такіх ужо новых, як Венесуэла або Куба) беларускіх партнёраў часцяком проста няма сродкаў на такія пакупкі.


Глядзіце таксама

Менавіта таму іх цікавяць тыя, хто гатовы не проста прадаць тавары, а зрабіць гэта ў крэдыт, у растэрміноўку, прапісаць у дагаворах тэрміны, якія настолькі вялікія, што да часу пагашэння доўгу зменіцца не адзін урад, а новая Канстытуцыя можа абвясціць усе замежныя даўгі несапраўднымі.

Ці гатовая Беларусь уступіць у такія авантурныя адносіны? Аказваецца, што так. Гэта тлумачыцца звыклым для беларускіх уладаў падыходам да вырашэння падобных праблем. Часта пануе разлік на «авось», ідэйную блізкасць, асабістыя сувязі і іншыя эфемерныя моманты, як было, напрыклад, у выпадку з Венесуэлай часоў Уга Чавеса. Лукашэнка, падобна, наогул перакананы, што ўсе пытанні можна вырашыць «па паняццях».

Але цяперашні выбар дзяржаў для знешнеэканамічнага прарыву, мякка кажучы, здзіўляе — нават з улікам асаблівасцей беларускага знешняга гандлю.

Сем краін, у якія адправіліся дэлегацыі беларускіх чыноўнікаў, каб «прабіць акно» для паставак тавараў, — Венесуэла, КНДР, Куба, Манголія, Нікарагуа, Экватарыяльная Гвінея і Эсваціні — за дзесяць гадоў, якія папярэднічалі ўзмацненню санкцый супраць Беларусі і Расіі, забяспечвалі штогод у сярэднім усяго 0,36% ад агульнага аб'ёму беларускага экспарту.

Імпарт з гэтых краін быў яшчэ больш сціплім: у сярэднім 0,35% агульнага аб'ёму за перыяд з 2011 па 2021 гады. Прычым эканамічная сітуацыя ў большасці гэтых дзяржаў за гэты час не зведала значных паляпшэнняў, а то і пагоршылася, што ставіць пад сумнеў перспектывы пашырыць продажы беларускіх тавараў на іх рынках.

У дадатак гэтыя краіны не могуць вырашыць для Беларусі праблему высокатэхналагічнага імпарту. Так што ў любым выпадку яны не здольныя замяніць у знешнім гандлі Захад.

Даводзіцца спадзявацца на «шэрыя схемы»

Патрапіўшы пад санкцыі, Беларусь і Расія імкнуцца абыходзіць іх і знаходзіць новыя шляхі рэалізацыі сваёй прадукцыі на знешніх рынках. Тут можна ўбачыць цікавыя паралелі: каго пакідаюць на чале ўрадаў для барацьбы з абмежавальнымі мерамі Захаду?


Глядзіце таксама

У Расіі гэта тэхнакрат Міхаіл Мішусцін, чыё рашэнне любой праблемы зводзіцца да стварэння баз даных, паралельных сістэм разлікаў і розных рэестраў. Гэты лічбавы падыход, які часта абапіраецца на рынкавыя механізмы, досыць эфектыўны для знешнеэканамічнай дзейнасці. Хоць унутры краіны ён сутыкаецца з праблемамі нізкага ўзроўню лічбавізацыі і велізарных адлегласцей.

У Беларусі ўрад узначальвае Раман Галоўчанка, які ў свой час курыраваў экспарт узбраенняў. Для яго выбудоўванне «ценявых» і «шэрых схем» — звыклая справа.

Гэта і тлумачыць, чаму Расія, нягледзячы на ўсе свае праблемы, робіць стаўку на рынак і лічбавізацыю, а Беларусь развязвае свае задачы праз «шэрыя схемы» ў абыход рынку (прытым што і РФ іх, вядома, не цураецца).

Так, тавар знаходзіць пакупніка і ў нашым выпадку, і нават сляды транзакцый можна схаваць. Але ёсць адна праблема: легалізаваць значныя аб'ёмы ценявых сродкаў у адкрытую эканоміку складана. Даводзіцца альбо весці падвойную бухгалтэрыю, узбагачаючы асобных персанажаў і кампаніі, а не дзяржаўны бюджэт (што, зрэшты, камусьці відавочна на руку), альбо паступова ператвараць ўсю эканоміку ў «шэрую», дзе «чорныя схемы» ўжо не будуць так выдзяляцца.

Але, як казалі Стругацкія ў «Цяжка быць Богам», «там, дзе перамагае шэрасць, да ўлады заўсёды прыходзяць чорныя».