Леў Марголін: Людзі самі звальняюцца з працы, а не іх звальняюць

Рост заробкаў, не падмацаваны ні ростам ВУП, ні ростам прадукцыйнасці працы, пагражае ростам коштаў і інфляцыі.

_belarus_ekanomika_rynak_fota_novy_czas__2___1__logo.jpg

Эксперты ЕАБР у штотыднёвым макрааглядзе зафіксавалі фарміраванне ўмоў для «перагрэву на рынку працы», піша СНплюс.

Што гэта значыць? Рэальныя заробкі ў Беларусі растуць тры месяцы запар: у чэрвені на 15,2% у параўнанні з чэрвенем папярэдняга года. Але эксперты адзначаюць занадта хуткія тэмпы, якія на фоне дэфіцыту працоўных рук на рынку працы (за першае паўгоддзе чысты адток склаў 47,2 тысячы чалавек) можа выплюхнуцца ў рост коштаў і павелічэнне інфляцыі.

ЕАБР папярэджвае, што з гэтымі праблемамі беларусы сутыкнуцца ўжо да канца года

Пра прычыны і наступствы росту заробкаў пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным.

— Рэальны заробак беларусаў расце тры месяцы запар. Але адкуль грошы на такое шчасце?

— Шчыра кажучы, асабіста я не бачу крыніц росту. І наогул сумняваюся, што павелічэнне заробкаў сапраўды існуе. Па грошах, якія прапануюцца ў Беларусі, не відаць тых лічбаў, якія дэкларуюцца ў якасці сярэдняй зарплаты па краіне. Таму я не магу дакладна адказаць на гэтае пытанне.

— Эксперты ЕАБР прагназуюць фарміраванне ўмоў «для перагрэву на рынку працы». Заробкі павялічваюцца занадта хуткімі тэмпамі, а ўзровень занятасці працягвае падаць (у чэрвені знізіўся на 1,5% у параўнанні з леташнім). Што такое «перагрэў на рынку працы» і чым ён пагражае для эканомікі?

— Колькасць вакансій расце. А калі расце колькасць вакансій, наймальнікі вымушаныя прыцягваць новых работнікаў. А каб прыцягваць новых работнікаў, трэба павялічваць заробак. Магчыма, менавіта гэтым фактарам можна і растлумачыць сітуацыю.

Але рост заробкаў, не падмацаваны ні ростам ВУП, ні ростам прадукцыйнасці працы, пагражае ростам коштаў і ростам інфляцыі.

Прывяду адзін прыклад, з якім сутыкнуўся асабіста я. Пастаўшчыкі пітной вады пачалі затрымліваць выкананне заказаў. Пытаюся: у чым справа? Мне адказваюць: не хапае работнікаў. Гэта значыць, раней ці пазней пастаўшчыкам давядзецца наймаць новых работнікаў, а каб іх наняць – падняць заробкі. А для гэтага прыйдзецца павялічыць цэны дастаўкі. Вось наглядная нагода для росту цэн і інфляцыі.

Можа, ёсць і іншыя фактары, якія мы проста не бачым.

Гэта можа азначаць павышэнне попыту, для задавальнення якога спатрэбіцца значна больш работнікаў.

— За паўгода ў краіне звольненыя 323,5 тысяч чалавек, а прынятыя на працу 276,3 тысяч чалавек — чысты адток працоўнай сілы склаў 47,2 тысячы чалавек. Чаму працягваюцца звальненні на фоне вялізнага дэфіцыту працоўнай сілы?

— Людзей не звальняюць — людзі самі звальняюцца. Іх як раз і не задавальняюць зарплаты.

Іншае пытанне: калі ўсе яны дзяюцца? Варыянтаў адказу ўсяго два: альбо сыходзяць у «шэры» сектар, альбо з'язджаюць з краіны.