Крызіс на 1/6 частцы сушы

Падзеі апошніх тыдняў паказалі: Еўразійскі эканамічны саюз знаходзіцца ў найглыбейшым крызісе за ўсю сваю нядоўгую гісторыю. У кожнай са сталіц ЕАЭС мясцовыя эліты вырашаюць уласныя праблемы, і толькі ў Маскве дагэтуль упэўненыя, што гэта яны «ўсім дапамагаюць».

cc17f01b2d765f63b70503fa6af.png

Жыццё ў стане крызісу

За падзеямі вакол ЕАЭС я сачыў з моманту з’яўлення самой ідэі пра такое інтэграцыйнае ўтварэнне. І, прызнацца, доўгі час думаў, што ўсе свае галоўныя крызісы ЕАЭС перажыў яшчэ да нараджэння. Дастаткова прыгадаць, як «брыкаўся» Лукашэнка перад падпісаннем дамовы ў Астане, як заяўляў штораз: «На такіх умовах нам Еўразійскі саюз непатрэбны!» Але ў выніку ўсе ўсё падпісалі. І з 1 студзеня 2015 года ЕАЭС быццам бы пачаў працаваць.

Але ўжо ў першы год яго існавання ўзаемны таваразварот унутры саюза зваліўся на 40%. Тады гэта спісалі на эканамічны крызіс, але падзенне працягнулася і ў 2016-м. Адначасова паміж чальцамі аб’яднання пачало ўзнікаць усё больш праблемаў — найперш з-за захаванага пратэкцыянізму, няўзгодненасці мытных правіл, коштаў на энерганосьбіты і празмерных дамаганняў Масквы. Крызіс у ЕАЭС быў немінучы — па сутнасці, ён распачаўся ў снежні 2016-га з адмовы Аляксандра Лукашэнкі ехаць у Санкт-Пецярбург і падпісваць там Мытны кодэкс. І, вядома, «апафігеем» крызісу — прынамсі, у вачах іншых краін-чальцоў — стала пікіроўка паміж Андрэем Кабяковым і Дзмітрыем Мядзведзевым з-за коштаў на газ, якая мела месца 7 сакавіка на чарговым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

Нагадаю, што там беларускі прэм’ер, сярод іншага, заявіў: «Праблемы ў двухбаковых адносінах фундаментальна ўплываюць на наш удзел у шматбаковых інтэграцыйных працэсах». Кабякоў абвінаваціў Еўразійскую эканамічную камісію ў «бяздзейнасці», гаворачы пра праблемы ў нафтагазавай сферы. Таксама ён паказаў на «эскалацыю абмежаванняў» у ЕАЭС, а менавіта — на з'яўленне новых бар'ераў у гандлі і нацыянальныя праграмы імпартазамяшчэння, «у якіх тавары, вырабленыя ў іншых краінах ЕАЭС, чамусьці пачынаюць лічыцца чужароднымі».

Дзмітрый Мядзведзеў, адказваючы на крытыку беларускага калегі, звярнуў увагу, што Беларусь сёння купляе газ па значна ніжэйшых коштах, чым іншыя еўрапейскія спажыўцы. І адначасова пакрыўдзіўся на тое, што Мінск пераносіць «праблемы двухбаковых адносін на шматбаковую пляцоўку» ЕАЭС. «Тут мы разглядаем пытанні, якія тычацца абсалютна ўсіх, а не толькі двух бакоў, і ні адзін з бакоў не павінен спрабаваць здзяйсняць размены за агульны рахунак», — заявіў расійскі прэм'ер.

Аднак на самай справе, сапраўды, менавіта Расія ўжо не ў першы раз сама прымае рашэнні, якія б’юць па ўсіх чальцах ЕАЭС — і потым дзівіцца ўзніклым да яе прэтэнзіям.

«Раскольнікі» ў Маскве

3 лютага ў Дзярждуму Расіі быў унесены ўрадавы законапраект аб забароне на ўвоз на тэрыторыю РФ шэрагу тавараў з іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Пачаць дзеянне новыя правілы могуць ужо ў 2017 годзе. Новы законапраект забараняе ўвоз на тэрыторыю Расіі «санкцыйнай» прадукцыі, а таксама тавараў, якія былі ўвезеныя ў ЕАЭС праз іншыя краіны па нізкіх мытных стаўках.

З аднаго боку, можна зразумець, ад чаго спрабуе абараніць сябе Расія. Напрыклад, Казахстан уступіў у СГА ўжо пасля далучэння да ЕАЭС. У выніку сярэдняя мытная стаўка на імпарт, што ўвозіцца ў краіну, складае 6,5%, тады як у ЕАЭС у цэлым — 10,4%. Зніжаныя стаўкі ў Казахстане дзейнічаюць для больш за 1900 відаў тавараў, што ўвозяцца ў краіну з-за мяжы (чытай: з Кітаю). А значыць, праз тэрыторыю Казахстана ў ЕАЭС трапляе кітайская прадукцыя па нізкіх коштах, «крыўдзячы» мясцовых вытворцаў. Адпаведна, праз тэрыторыю Беларусі працягваецца рээкспарт у Расію прадуктаў харчавання з Украіны і ЕС, якія падпадаюць пад санкцыі Расіі.

Але, з іншага боку, Еўразійскі эканамічны саюз ствараўся якраз дзеля вольнага перасоўвання ў ім тавараў (а таксама фінансаў, працоўнай сілы і г. д.). Менавіта таму мытныя межы ўнутры ЕАЭС адсутнічаюць, пры перасячэнні дзяржаўных межаў унутры Саюза мыта не спаганяецца. А ўсе тавары павінны праходзіць мытную ачыстку на знешняй мяжы ЕАЭС.

На практыцы ж атрымалася так, што ўвядзенне Расіяй аднабаковых санкцый супраць заходніх прадуктаў стала парушэннем Дамовы аб ЕАЭС, а менавіта прынцыпу адзінай мытнай прасторы. Фактычна, паводзіны Расіі абмяжоўваюць свабоду руху часткі тавараў унутры ЕАЭС. З іншага боку, усе краіны саюза грашаць тым жа: Казахстан уводзіў забарону на ўвоз бульбы з Кыргызстану, Беларусь канфіскавала партыі тэлевізараў з Калінінградскай вобласці, і гэтак далей. Тая ж Беларусь наогул не дапускае на ўласны рынак сельгастэхніку расійскай вытворчасці. І гэты працэс нарастае: на фоне падзення прыбыткаў кожная з краін-удзельніц ЕАЭС імкнецца абараніць унутраны рынак, абмяжоўваючы імпарт ад партнёраў па саюзу.

1003884670.png


Што далей?

Асабістыя размовы з прадстаўнікамі розных краін-чальцоў ЕАЭС паказваюць: ні ў каго сёння няма выразнага бачання шляхоў, па якіх павінен развівацца Еўразійскі саюз. І нават горш. 9 сакавіка прайшло па-свойму характэрнае мерапрыемства — відэамост Масква–Астана–Бішкек–Ерэван–Мінск па тэме «Узаемадзеянне ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза». На ім стала відавочна: ніхто з чальцоў ЕАЭС не думае пра інтарэсы Еўразійскага саюза ў цэлым, кожная з краін пераследуе ўласныя мэты, пры гэтым ускладаючы клопат аб падтрымцы адзінства на Маскву. Па сутнасці, кожны з экспертаў, які ўдзельнічаў у відэамосце, казаў пра праблемы сваёй краіны. Пры гэтым усе яны разыходзіліся ў ацэнках таго, наколькі рэальна «адбыўся» або «яшчэ не адбыўся» Еўразійскі эканамічны саюз.

Расіяне, якія выступілі падчас відэамоста апошнімі, відавочна пачуваліся як мінімум разгубленымі. Расійскія эксперты спрабавалі тлумачыць, што краіны ЕАЭС павінны падзяліць з Расіяй цяжар, які тая нясе ў сувязі з санкцыямі, што ўвялі ў дачыненні да яе ЕС і ЗША. Праўда, яны не казалі, з якога перапуду іншыя краіны ЕАЭС павінны гэтыя нягоды падзяляць.

«Атачэнне Расіі, — агрэсіўнае, — сумаваў дырэктар Інстытута стратэгічнага планавання Аляксандр Гусеў. — Пры гэтым урадавая сустрэча ў Бішкеку паказала, што няма агульнага бачання даляглядаў развіцця ЕАЭС. Тым не менш, для нас Еўразійскі эканамічны саюз з'яўляецца прыярытэтам». Характэрна, што падчас свайго выступу расійскія эксперты фразу «мы дапамагаем краінам ЕАЭС» у розных варыяцыях паўтаралі нават часцей, чым Лукашэнка паўтарае слова «жэстачайшэ». Вось толькі выніковыя выказванні экспертаў паказалі, што ў сталіцах Еўразійскага саюза адносіны з Масквой бачаць, мякка кажучы, зусім не так.

Але паспрабуем абстрагавацца ад бягучых канфліктаў і зразумець, у чым менавіта першапрычына таго, што ў ЕАЭС «усё не складваецца». Рызыкну выказаць здагадку: праблемы пачаліся з-за таго, што першым чынам Расія, Беларусь і Казахстан за мінулыя 25 гадоў усё-ткі зжылі яшчэ па сутнасці савецкую мадэль узаемаадносін. А новай так і не сфармавалі: ні ў «жывым трупе» СНД, ні ў «недаробленай» Саюзнай дзяржаве, ні ў адносна эфектыўным Мытным саюзе, ні, нарэшце, у ЕАЭС.

Адпаведна, зараз магчымыя два сцэнары развіцця падзей. У першым выпадку ў нас не атрымліваецца цывілізавана выйсці з савецкай мадэлі адносінаў — нашы ўнутраныя структурныя ды ментальныя абмежавальнікі гэтаму перашкаджаюць. Тады мы пачынаем паступова спаўзаць да таго, што некалькі гадоў таму паўстала ў адносінах Расіі і Украіны. Гэта адзін варыянт. Другі варыянт — калі краіны ЕАЭС паступова з асобаснай плоскасці будуць пераносіць свае ўзаемаадносіны ў плоскасць узаемадзеяння праз інстытуты. Тады будучыня ў Еўразійскага эканамічнага саюза будзе.

Пытанне, праўда, у тым, ці трэба такая будучыня Беларусі. Бо калі ўлада ў краіне зменіцца, больш актуальным стане пытанне інтэграцыі з Еўрасаюзам, а таксама з іншымі рэгіянальнымі аб’яднаннямі — Вышаградскім блокам, «Міжмор’ем». Не аказаўся б у гэтай сітуацыі ЕАЭС проста пасткай для новай Беларусі...