Кальцавая дарога вакол Мінска з рэпубліканскай пяройде ў камунальную ўласнасць сталіцы
Кальцавая дарога вакол Мінска (аўтадарога М9), якая знаходзіцца ў гаспадарчым падпарадкаванні РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр", з рэспубліканскай уласнасці бязвыплатна пяройдзе ў камунальную ўласнасць сталіцы. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 80 ад 1 лютага 2013 года.
Як растлумачылі БелаПАН у "Белаўтадоры", неабходнасць змены ўласніка звязана першым чынам з тым, што аўтадарога М9 размешчана ў адміністрацыйных межах Мінска і забяспечвае функцыянаванне ўсяго комплексу гарадскіх задач: ад развіцця інфраструктуры гарадскіх камунікацый да забеспячэння ўнутрыгарадскіх пасажырскіх і грузавых перавозак.
"Фактычна МКАД выконвае функцыю гарадской магістралі бесперапыннага руху. У адпаведнасці з патрабаваннямі закона "Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці" Мінгарвыканкам
абмежаваны ў магчымасцях прыняцця і рэалізацыі рашэнняў у палосах адводу і прыдарожных палосах (кантрольнай зоне) аўтадарогі М9, бо яна мае статус аўтамабільнай дарогі агульнага карыстання.
Знаходжанне Мінскай кальцавой у камунальнай уласнасці Мінска і гаспадарчым падпарадкаванні спецыялізаваных арганізацый, падначаленых Мінгарвыканкаму, дазволіць аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з
рамонтам сетак водаправода, каналізацыі, электра- і газазабеспячэння, сувязі, добраўпарадкаваннем і размяшчэннем аб'ектаў рознага прызначэння на прыдарожнай тэрыторыі аўтадарогі М9, а таксама
іншыя задачы, якія адносяцца да камунальнай гаспадаркі", — сказалі ў "Белаўтадоры".
Разам з МКАД у гарадскую гаспадарку пяройдзе шэраг будынкаў, збудаванняў, перадатачных механізмаў, машын, абсталявання, транспартных сродкаў і іншай маёмасці, што выкарыстоўваюцца для забеспячэння
ўтрымання і рамонту аўтадарогі М9. Гэты маёмасны комплекс будзе перададзены да 1 красавіка 2013 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН