ЕБРР выдзеліць БНБ-Банку крэдыт для фінансавання малога і сярэдняга бізнэсу
Да канца бягучага года Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця плануе выдзеліць БНБ-Банку крэдыт у памеры 8 мільёнаў долараў на фінансаванне мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні БНБ-Банка.
У дадзены момант бакі ўзгадняюць апошнія юрыдычныя пытанні здзелкі. Падпісанне дакументацыі плануецца ажыццявіць да канца бягучага года, паведамляе інтэрнэт-партал select.by.
Дадзены крэдыт будзе першым крэдытам ад ЕБРР, які плануецца прадаставіць наўпрост на карысць ААТ "БНБ-Банк" для падтрымання і развіцця асноўнага кліенцкага сегмента —
малога і сярэдняга бізнэсу.
БНБ-Банк таксама з'яўляецца ўдзельнікам праграмы ЕБРР па гандлёвым фінансаванні з 2011 года. Пры падтрымцы ЕБРР банк у 2011–2012 гадох прафінансаваў знешнегандлёвыя здзелкі сваіх
кліентаў на агульную суму больш за 9 мільёнаў долараў.
Атрыманне крэдыту ад ЕБРР будзе далейшым крокам у пашырэнні супрацоўніцтва БНБ-Банка з гэтым міжнародным фінансавым інстытутам.
ААТ "БНБ-Банк" з 2010 года супрацоўнічае з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Так, у 2010 БНБ-Банк падпісаў крэдытнае пагадненне з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і стаў удзельнікам праграмы па гандлёвым фінансаванні.