Яраслаў Раманчук: беларускія ўлады пабудавалі АМАПа-эканоміку

Эканаміст папярэджвае: у сітуацыі, калі няма добра працуючай эканомікі, палітыка даходаў і зберажэнняў патрабуе кардынальнага перагляду.

sem_2.jpg

— Беларусы, на жаль, развучыліся зберагаць, — прыводзіць словы Яраслава Раманчука «Салідарнасць» са спасылкай на АГП-ТБ. — Паводле апытання хатніх гаспадарак, цэлых 40 адсоткаў хатніх гаспадарак маюць свае зберажэнні. А як быць з астатнімі 60 адсоткамі?

60% — гэта каля 1,8 мільёна сем'яў не маюць зберажэнняў. У іх запас на месяц-два. Калі ім скарачаць грашовыя даходы ў выглядзе пенсій і заробкаў, што яны будуць рабіць? Яны пачнуць усведамляць простую рэч, што беларускія ўлады не толькі зрабілі гвалт з эканомікай і правам пры дапамозе АМАПу — яны пабудавалі АМАПу-эканоміку, у якой галоўнымі з'яўляюцца наменклатурна-сілавыя кланы.

Ім пляваць на зберажэнні, ім пляваць на доўгатэрміновую стратэгію развіцця. Яны думаюць толькі аб тым, як закрыць дзіркі і даць грошы сабе любімым.

Таму ў наступным годзе, сябры, я думаю, будзе падзенне ўсіх паказчыкаў. У 2020-м ВУП у даляравым выражэнні скараціўся на каля 7 млрд даляраў, бюджэт страціў каля 5-6 млрд даляраў, экспарт тавараў упаў парадку на 5-6 млрд даляраў.

І гэта толькі пачатак, таму што гэтыя лічбы былі атрыманы, у тым ліку, за кошт таго, што мы адгрузілі тавар і не атрымалі аплату. А калі мы палічым гэта, улічым тыя таксічныя замарожаныя актывы, якія сканцэнтраваліся на балансах прадпрыемстваў, на складах непрададзеных тавараў, то ў гэтым годзе эканоміка павінна была б па-сумленнаму ўпасці на 6-8%.

І тады з гэтага нізкага старту можна было б пачынаць сумленныя рэформы. Але аб рэформах ніхто не гаворыць, а ўсе гавораць толькі аб ашуканствах, галачна-палачнай сістэме, якая ў 2020 годзе дабівала нашу эканоміку і нашу краіну.