Фінскія ўладальнікі «Лідскага піва» за паўгода не знайшлі пакупнікоў на завод. Цяпер ужо не варта шукаць
Кампанія «Olvi» прызнала, што прадаць прадпрыемства ў Лідзе, якім яна валодае 14 гадоў, не ўдалося і ўжо не ўдасца ў бліжэйшы год.
У сувязі са зменамі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусі,
якое рэгулюе працэдуру продажу актываў замежных кампаній, фінскі ўладальнік
прадпрыемства прыйшоў да высновы, што продаж ААТ «Лідскае піва» ў бліжэйшыя 12
месяцаў «наўрад ці адбудзецца», напісала кампанія.
Зыходзячы з фінансавых стандартаў групы, «Лідскае піва» больш не можа ўваходзіць у пералік актываў, прызначаных для продажу, і зноў
уключаецца ў кансалідаваную справаздачнасць кампаніі. У прамежкавай
справаздачы, апублікаванай 19 кастрычніка 2022 года, выказвалася думка, што
продаж адбудзецца не пазней, чым цягам наступных 12 месяцаў. Таксама «Olvi» скасоўвае кароткатэрміновы прагноз, у якім не ўлічваўся аперацыйны прыбытак «Лідскага піва».
Папярэдні прагноз, агучаны кампаніяй у справаздачы 19
кастрычніка, не ўключаў гаспадарчую дзейнасць «Лідскага піва» і прадугледжваў
зніжэнне аперацыйнага прыбытку за 2022 год у параўнанні з папярэднім.
Завод у Лідзе існуе з 1876 года, нагадвае «Св*бода». Паводле даных Інстытута гісторыі
НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг «Olvi
plc» валодае «Лідскім півам» з 2008 года. Кампаніі належыць 96,4% акцый.
Таксама фіны маюць свае актывы ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
У сакавіку 2022 года, праз дапамогу Лукашэнкі Расіі з
ваенным уварваннем ва Украіну, «Olvi» заявіла, што пачынае згортваць свой бізнес
і шукае пакупніка на актыў у Лідзе.
«Сітуацыя ва Украіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на
баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Украіну. Мы
імкнёмся працаваць у адпаведнасці з каштоўнасцямі «Olvi», і гэта адзінае
разумнае рашэнне для забеспячэння доўгатэрміновай і адказнай дзейнасці», —
казаў тады Пэнці Хакарайнен, старшыня праўлення «Olvi».
Кампанія гарантавала працу і аклад супрацоўнікам лідскага
завода да моманту яго продажу. Аднак пакупніка не знайшлі, а затым урад у
Мінску пачаў ствараць спісы актываў, якія замежныя інвестары не могуць
прадаць. Лукашэнка прыгразіў, што калі замежны капітал пойдзе з Беларусі, яго
актывы ў Беларусі нацыяналізуюць.
Паводле ранейшай статыстыкі, «Лідскае піва» забяспечвала
каля 32% агульнага аб’ёму продажаў групы «Olvi».