Эксперт: Паводле вынікаў года інфляцыя можа скласці 16–20%
Урад можа ўтрымаць інфляцыю ў прагназаваным калідоры 16–20%. Такую думку выказаў БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык, каментуючы апошнія звесткі аб сітуацыі на спажывецкім рынку.

Як паведамлялася раней, у другім квартале гэтага года інфляцыя ў Беларусі запаволілася: у красавіку яна склала 0,9%, у маі — 0,7%.
"Запавольванне інфляцыі адбылося ў выніку абмежавання грашовай прапановы. Намінальная зарплата фактычна замарожаная, улады адмовіліся ў другім квартале ад павышэння тарыфаў на
жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама перасцераглі (паводле наяўнай інфармацыі) ад павышэння цэн шэраг кампаній", — зазначыў Чубрык.
Эканамічныя ўлады, паводле яго слоў, зрабілі ўсё магчымае, каб спыніць рост цэн. "Спалучэнне манетарнай, фіскальнай палітыкі і адміністрацыйнага рэсурсу прывяло да запаволення
інфляцыі. Ключавую ролю ў гэтым працэсе ўсё-такі адыграў першы фактар", — мяркуе эксперт.
У выніку, нягледзячы на дэвальвацыю, якая прайшла ў пачатку года, урад можа разлічваць на ўтрыманне інфляцыі ў раней прагназаваным калідоры, мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ.
"Прагноз Нацыянальнага банка, згодна з якім інфляцыя ў Беларусі павінна скласці ў 2015 годзе 16—20%, рэальна дасягальны з улікам уплыву вышэйпералічаных фактараў",
— сказаў ён.
Нагадаем, з самага пачатку афіцыйны прагноз інфляцыі на 2015 год прадугледжваў яе зніжэнне да 12%. Пасля дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася ў канцы 2014-га — пачатку 2015
года, Нацбанк скарэктаваў прагноз інфляцыі да 18% плюс-мінус 2%.
Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, адказваючы ў маі на пытанні журналістаў, заявіў, што пры пэўных умовах інфляцыя сёлета можа быць нават ніжэйшай за 16%. "Калі
цяперашнія макраэканамічныя ўмовы захаваюцца, мы ў стане забяспечыць тэмпы росту цэн па ніжняй мяжы (16%). Калі макраэканамічныя ўмовы (у прыватнасці ў Расіі) будуць лепшыя, інфляцыя можа
быць ніжэйшая за 16%", — заявіў Калаур.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН