«Белнафтахім» ацаніў шкоду ад «бруднай» расійскай нафты ў 155 млн долараў

«Белнафтахім» выставіў прэтэнзіі «Роснафце» за забруджаную нафту ў памеры 155 млн долараў. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на расійскае выданне «Коммерсантъ».

VIKTOR DRACHEV/TASS

VIKTOR DRACHEV/TASS

Як піша выданне са спасылкай на крыніцу, такія сумы ўтрымліваюцца ў лісце, які кіраўнік «Роснафты» Ігар Сечын напісаў расійскаму віцэ-прэм'еру Дзмітрыю Казаку. Сечын просіць паскорыць прыняцце рашэнняў па кампенсацыі страт расійскіх вытворцаў ад «бруднай» нафты, якая трапіла ў нафтаправод «Дружба».
У лісце Сечын паведамляе, што беларускі Мазырскі НПЗ хоча ад кампаніі кампенсацыі страт ад паставак забруджанай нафты на 155 млн долараў.
Мазырскі НПЗ абгрунтаваў іх тым, што з 443 тысяч тон нафты коштам 185 млн долараў, якія «Роснафта» паставіла на завод у красавіку, 370 тысяч тон ўяўляла сабой забруджаная нафта, кошт якой беларускі бок лічыць нулявым. Адпаведна, НПЗ просіць «Роснафту» «у добраахвотным парадку» вярнуць пераплаты ў 155 млн долараў. Беларускі бок выказвае гатоўнасць судзіцца ў Арбітражным судзе Масквы, але выступае за вырашэнне пытання «са шматгадовымі дзелавымі партнёрамі» «выключна ў пазасудовым парадку», перадае «Коммерсантъ». Выданне паведамляе, што ліст з прэтэнзіямі Мазырскага НПЗ маецца ў рэдакцыі. У ім беларускі бок паказвае, што таксама гатова разгледзець пытанне аб суразмерным зніжэнні цаны няякаснай нафты.
Між тым эксперты выдання кажуць, «што шкода ад паставак забруджанай нафты на Мазыр на дадзены момант у прынцыпе адсутнічае».
— Справа ў тым, што, паводле дамоўленасці Масквы і Мінска, уся забруджаная нафта з тэрыторыі Беларусі будзе вернута ў Расію. Узамен — што пацвердзіў у інтэрв'ю Reuters 10 чэрвеня намеснік кіраўніка Мінэнерга Павел Сарокін — у Беларусь будзе пастаўлена чыстая нафта.
Гэтыя прэтэнзіі былі перанакіраваныя ў «Транснафту», але, як адзначыў Ігар Сечын, кампанія не пацвердзіла, што гатовая іх задаволіць. Між тым, гаворыцца ў лісце, замежныя спажыўцы ўжо шукаюць на рынку замену расійскай нафце, а таксама набіраюць юрыстаў для прад'яўлення судовых прэтэнзій.

Справа «пра брудную нафту»

19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнеі» якасці расійскага гатунку Urals, які паступае транзітам па нафтаправодзе «Дружба». У расійскай трубаправоднай манаполіі прызналі наяўнасць праблем.
22 красавіка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што няякасная расійская сыравіна прывяла да выхаду з ладу дарагога абсталявання.
Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што ўрон з-за пашкоджанага абсталявання на Мазырскім НПЗ, паводле папярэдніх падлікаў, склаў каля 30 млн долараў.
15 траўня міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе, па яго асабістай ацэнцы, можа скласці не больш за 100 млн долараў. Шкода Беларусі ад праблем з якасцю расійскай нафты можа скласці ад 271,3 млн долараў да 435,3 млн долараў, падлічылі «Ведамасці» зыходзячы з наяўных дадзеных.
7 чэрвеня, наведваючы «Нафтан», беларускі кіраўнік адзначыў, што шэраг міжнародных кампаній прад'яўляюць Расіі шкоду на суму да 800 млн долараў. «Але мы больш за ўсё пацярпелі. А нам кажуць: ну, што там, беларусы, — яны нічога не страцілі. Як так?! Таму трэба сачыць і глядзець, чаму яны, напрыклад, плацяць 800 млн долараў шкоды, а мы больш за ўсіх пацярпелі, але 20 млн», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, памер кампенсацыі шкоды ад паставак «бруднай» нафты абмяркоўваецца паміж Расіяй і Беларуссю ўжо амаль месяц. Аднак канкрэтныя сумы пакуль так і не былі агучаны.
«Мы не спяшаемся яго (урон. — Заўвага. TUT.BY) вызначаць. Першапачаткова называліся лічбы, якія нічога агульнага з рэальнасцю не маюць», — заявіў у эфіры «Расія 24» віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Козак. Ён таксама запэўніў, што расійскі бок палічыць усё «па-чэснаму» і пакрые ўсю «рэальную шкоду».