Беларускае паліва захапіла палову ўкраінскага рынку

Сёлета Беларусь істотна нарасціла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну. Эксперты прагназуюць, што можа быць паўтораны гістарычны рэкорд 2012 года, калі ва Украіну зайшло больш за 4 млн тонаў нафтапрадуктаў з беларускага кірунку.

Паліва з Беларусі ідзе на рэкорд ва Украіне.

Паліва з Беларусі ідзе на рэкорд ва Украіне.


Паводле папярэдніх звестак за 10 месяцаў, украінскі рынак прыняў каля 3,3 млн тонаў паліва з Беларусі.

«Шанцы паўтарыць поспех 2012 года яшчэ захоўваюцца, хоць яны сапсаваныя зніжэннем перапрацоўкі нафты ў Беларусі ў сувязі з рашэннем расійскіх уладаў. Фактараў павелічэння паставак ва Украіну ў бягучым годзе было некалькі, прытым як абʼектыўнага, так і субʼектыўнага характару», — адзначыў дырэктар «кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн


Паводле яго слоў, рост паставак у першым паўгоддзі быў не ў апошнюю чаргу звязаны з расійскім эмбарга на пастаўку дызельнага паліва ва Украіну, таму дадзены абʼём быў замешчаны пераважна беларускім рэсурсам. Адначасова з гэтым эксперт адзначае і больш чым 80-працэнтны рост паставак бензіну, што «галоўным чынам звязана з пераарыентацыяй на беларускі прадукт сеткі «ОККО» — найбуйнейшага прадаўца бензіну ва Украіне». Нарасцілі пастаўкі з Беларусі і іншыя ўкраінскія сеткі.

Палова рынку — беларуская

Па выніках 10 месяцаў 2016 года доля беларускіх бензінаў у балансе ўкраінскага рынку склала 55%, дызпаліва — 48%.

Сяргей Куюн прагназуе, што, хутчэй за ўсё, доля беларускіх паставак у далейшым будзе зніжацца з-за нарошчвання паставак з Расеі, а таксама ў выпадку павелічэння вытворчасці ўкраінскімі НПЗ, што таксама мае перспектыву. Між тым зніжэнне паставак дызельнага паліва і бензіну будзе кампенсаванае аднаўленнем экспарту авіяпаліва, а таксама абʼёмамі мазуту, бітумаў і звадкаванага газу з Беларусі, якія растуць.

Прапануем вашай увазе відэасюжэт “Белсата” пра нафтавую супрацу Беларусі ды Украіны, які выйшаў у праграме «Прасвет»


belsat.eu