Беларусь паміж феадальным і постіндустрыяльным
Нейкім дзіўным чынам сённяшняя Беларусь апынулася ў своеасаблівым гістарычным трохкутніку — паміж феадальнай, індустрыяльнай ды постіндустрыяльнай мадэлямі грамадства.
Калі ідуць развагі пра той ці іншы лад пабудовы эканомікі і грамадства,
звычайна пачынаецца параўнанне паміж трыма рознымі этапамі развіцця
цывілізацыі — феадалізмам, індустрыяльным ды постіндустрыяльным
грамадствам. Здавалася б, феадалізм застаўся недзе ў XVI стагоддзі,
індустрыяльны лад — у ХХ стагоддзі, а постіндустрыяльны мы павінны
назіраць зараз. Але ж насамрэч усё больш складана.
Лад гаспадарання
Як выглядаюць феадальныя, індустрыяльныя ды постіндустрыяльныя краіны ў сённяшнім свеце? Чым адрозніваюцца? Паглядзім на канкрэтных прыкладах. За апошнія чвэрць стагоддзя на 90% індустрыяльная вытворчасць з Паўночнай Амерыкі і Еўропы пераехала ў Азію (найперш — у Кітай). Але гэта зусім не азначае, што цяпер Еўропа ды Амерыка залежаць ад Азіі, якая для іх усё вырабляе. Чаму так, можна разабрацца, паглядзеўшы, як вырабляецца адзін з сімвалаў сучаснасці — iPhone.
Па дадзеных самой карпарацыі Apple, кітайскай фабрыцы ў правінцыі Сычуань, якая непасрэдна вырабляе «Айфоны», дастаецца ўсяго 1% (!) ад агульных выдаткаў на яго вытворчасць. Практычна ўсе камплектуючыя вырабляюцца ў Кітаі ды Паўднёвай Карэі. Apple не мае ўласных вытворчасцяў. Але 99% выдаткаў — гэта тое, што робіцца ў ЗША. Гэта канструяванне, дызайн, аперацыйная сістэма, маркетынг, рэклама, адлічэнні ўладальнікам патэнтаў, уласныя крамы па ўсім свеце. Гэта праца мазгамі. Зборка iPhone на заводзе ў Кітаі — гэта індустрыяльны лад. Распрацоўка ды суправаджэнне ў ЗША — постіндустрыяльны. А што тады феадальны лад? Гэта Расія. І, на жаль, часткова — Беларусь.
Глядзіце, вось расійскі «Газпрам». У ім працуе 459 тысяч чалавек, якія ў 2014 годзе забяспечылі кампаніі чысты прыбытак у памеры $3,5 мільярда. У тым жа 2014-м 80 тысяч супрацоўнікаў Apple прынеслі сваёй карпарацыі $39,5 мільярда чыстага прыбытку. Чысты прыбытак на кожнага супрацоўніка «яблачнай кампаніі» — $493.750, на кожнага супрацоўніка расійскага газавага асілка — $7.625. Як бачым на гэтым прыкладзе, адзін супрацоўнік, які працуе ў постіндустрыяльнай карпарацыі, дае рэнтабельнасць у 65 разоў вышэйшую за супрацоўніка, які працуе ў карпарацыі, што засталася ў феадалізме. Бо гандаль сыравінай — газам, у які пераўтварыліся памерлыя дыназаўры, — гэта феадальны лад гаспадарання.
Яшчэ крыху лічбаў: у Apple чысты прыбытак складае 21,5% ад абароту, у «Газпрама» — усяго 3,4%. Пры тым у «Газпрама» найбольшая частка выдаткаў — здабыча ды транспарціроўка газа, а ў Apple — заработная плата персаналу.
Феадальны лад гаспадарання — гэта, калі асноўная частка даданай вартасці ствараецца праз здабычу ды продаж сыравіны. Індустрыяльны лад — калі тая ж даданая вартасць збольшага ствараецца працоўнымі на фабрыках. Постіндустрыяльны лад — даданую вартасць забяспечвае праца мазгамі ў офісах. Адрозненне ў рэнтабельнасці паміж гэтымі ладамі гаспадарання — шматразовае. А вось галоўны прынцып: пры феадальным ды індустрыяльным ладзе выйграе той, хто прапануе больш танны прадукт, а пры постіндустрыяльным — той, хто прапануе ўнікальны прадукт.
Таму беларуская ўлада можа колькі заўгодна разважаць пра развіццё інавацыйных вытворчасцяў — але выходзіць Указ №78, і патрабаванне «скараціць на 25% сабекошт прамысловай вытворчасці» адразу паказвае, які насамрэч лад гаспадарання ў Беларусі.
Напярэдадні будучыні
Сёння аснова беларускага экспарту — слаба перапрацаваная сыравіна (феадальны лад) ды розная тэхніка (індустрыяльны лад). Ёсць і элементы постіндустрыяльнага ладу — экспарт праграмнага забеспячэння ды паслуг па яго распрацоўцы. Але ўсяго гэтага ледзьве хапае нават на тое, каб забяспечыць сённяшнія патрэбы краіны. Што будзе заўтра?
Калі казаць пра тое, што адбываецца за межамі нашай краіны, то ў поўным сэнсе постіндустрыяльны лад наступіць тады, калі пачне паўсюдна ўжывацца прамысловы 3D-друк, нанаэлектроніка ды «інтэрнэт рэчаў» (Internet of Things — IoT). Таксама характэрнай рысай постіндустрыяльнага часу будзе рэзкі ўсплёск энергаэфектыўнасці.
У новы час масавая вытворчасць будзе грунтавацца на вырабе матэрыялаў з патрэбнымі ўласцівасцямі наўпрост з базавых малекул. Гэта ўжо не фантастыка. Як вынік, энергазатраты паменшацца на два парадкі, рэсурсаёмістасць — яшчэ больш. Ужо зараз на парадак падвышаецца эфектыўнасць акумулятараў і сонечных панеляў. За мінулыя 40 гадоў сабекошт сонечнай энергіі знізіўся ў 200 разоў. ККД сонечнай батарэі дасягнуў 44,7% супраць 1% у 70-х гадах.
Калі гэта ўсё адбудзецца, «Газпрам» пераўтворыцца ў нішто. Адпаведна, абрынецца ўся эканамічная мадэль Расіі — краіны, што жыве за кошт эканомікі ўчорашняга дню, прычым найбольш прымітыўнага яе сегмента: здабычы ды экспарту сыравіны. Ну а эканоміка Беларусі, на жаль, занадта моцна залежыць ад эканомікі Расіі.
Адсюль лагічна вынікае: трэба зрабіць нешта, каб пачаць рухацца ў постіндустрыялізм. Як ні дзіўна, для гэтага найперш патрэбная індустрыя (і таму Беларусі гэты крок пры жаданні зрабіць будзе значна лягчэй, чым Расіі). Нашы прапагандысты любяць распавядаць, што, маўляў, на Захадзе адбываецца дэіндустрыялізацыя. Не! На Захадзе ідзе эфектыўны падзел працы. У Каліфорніі тыя ж iPhone ствараюць, пішуць для іх праграмы ды распрацоўваюць маркетынгавую палітыку. А вось заводы-зборшчыкі знаходзяцца ў Азіі, хаця гэта адзіны ланцуг вытворчасці. Тым не менш, азіяты атрымліваюць 1% прыбытку, а «белыя каўнерыкі» ў ЗША — 99%.
Што адбываецца далей? Вакол тых самых «белых каўнерыкаў» фармуецца велізарная сучасная — постіндустрыяльная — эканоміка паслуг. Гэта адзін полюс існавання. На другім полюсе — кітайскія фабрыкі кампаніі Foxconn, на якіх збіраюць сучасныя гаджэты, і ў тым ліку iPhone. Там працуе болей за 1,2 мільёна чалавек, але чысты прыбытак Foxconn — такі ж, як у «Газпрама». Якія высновы? Беларуская ўлада ганарыцца высокім узроўнем індустрыялізацыі, але сёння гэта ўжо не актуальна. Свет ідзе далей, але мы чамусьці працягваем чапляцца за савецкую/кітайскую індустрыяльную мадэль.
Яскравае пацвярджэнне менавіта папярэдняму сказу — сам факт стварэння ў Беларусі вытворчасці кітайскіх аўтамабіляў Geely. Ну, і тое, што вышэйшыя беларускія чыноўнікі (з кіраўніком краіны ўключна) шчыра лічаць завод Geely увасабленнем высокіх тэхналогій у Беларусі.
Амерыканцы палічылі за лепшае ўвогуле пахаваць сваю аўтамабільную індустрыю — разам з Дэтройтам. Так, для самога горада гэта катастрофа. Але агулам для эканомікі ЗША — найлепшае выйсце. Бо амерыканскія кампаніі кантралююць большасць сусветнай вытворчасці аўтамабіляў — у тым ліку ў тым жа Кітаі. І тут паўтараецца сітуацыя з Apple і Foxconn: аўтазаводы вырабляюць самі машыны за невялікі працэнт ад прыбытку, а галоўныя, хто атрымлівае прыбытак, — гэта амерыканскія бізнесоўцы, інжынеры, дызайнеры ды банкіры. Дарэчы: буйнейшы кітайскі аўтавытворца — Geely Holding Group — часткова кантралюецца амерыканцамі — канцэрнам Ford, які прадаў кітайцам належаўшую яму кампанію Volvo.
Як ЗША, так і Заходняя Еўропа лёгка адмовіліся ад уласных вытворчасцяў тавараў народнага спажывання, бытавой электронікі ды шмат чаго іншага. Але ніхто і не плануе перавозіць у Азію вытворчасці ВПК ці аэракасмічны комплекс. Бо смартфоны ў XXI стагоддзі — прадукцыя з мінімальнай даданай вартасцю, а вось самалёт ці спадарожнік — зусім іншая справа.
Рэзюме
Напрыканцы XIX стагоддзя для многіх краін выбар быў просты: індустрыялізацыя або смерць. Расійская імперыя не здолела індустрыялізавацца — і быў 1917 год. А індустрыю вялікай крывёй ствараў ужо Сталін.
Сёння, ужо для Беларусі, альтэрнатыва падобная: постіндустрыялізацыя або смерць. Але мы, маючы адносна індустрыяльную эканоміку, пакуль маем інстытуты феадальнага грамадства — нязменны ўладар краіны, цалкам залежныя ад яго суды... Ды што я вам распавядаю? Феадальнае па сваёй сутнасці грамадства не здольнае пераскочыць да постіндустрыяльнага ладу эканомікі. Значыць, патрэбна сацыяльна-палітычная рэвалюцыя. Пажадана — мірная, не разбуральная.
І тут беларусы павінны разумець: наўпроставае наступства такой рэвалюцыі — рэзкае, у шмат разоў, падвышэнне ўзроўню жыцця. Бо постіндустрыяльная эканоміка — гэта эканоміка звышвысокай даданай вартасці, калі ў канечным кошце прадукту асноўная частка — гэта заробак.
Сёння мы гэта назіраем у IT — беларускія праграмісты зарабляюць у дзясяткі разоў болей, чым рабочыя на заводах. Праграміст працуе ў постіндустрыяльнай вытворчасці, рабочы — у індустрыяльнай. А калгаснік, які зарабляе значна меней, чым рабочы — увогуле ў феадальнай.