Арменія абвясціла пра жаданне далучыцца да Мытнага саюзу

Пра гэта заявіў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян. Ініцыятыву падтрымаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які выказаў гатоўнасць садзейнічаць у дадзеным працэсе.



krab.jpg

Варта адзначыць, што Арменія не мае агульнай мяжы ні з адной з краін, якія ўваходзяць цяпер у склад МС.
Пуцін дадаў, што РЖД можа ўкласці каля 15 мільярдаў рублёў у развіццё чыгуначнай сеткі ў Арменіі.
Тавараабарот паміж Расіяй і Арменіяй у 2012 годзе склаў каля мільярда даляраў. Для параўнання, паміж Расіяй і Беларуссю ён складае 45 мільярдаў даляраў, а паміж Расіяй і Казахстанам  каля 24 мільярдаў даляраў.
Тэма ўступлення Арменіі ў саюз падымалася з 2010 года. У жніўні 2012 года бакі вырашылі стварыць рабочую групу па абмеркаванні гэтага пытання. У той жа час еўрапейскія дыпламаты прапаноўвалі Ерэвану выбар: альбо рухацца ў напрамку да ЕС, альбо далучацца да Еўразійскай эканамічнай супольнасці.
Мытны саюз пачаў працу ў 2010 годзе. Першапачаткова ў яго ўвайшлі Расія, Беларусь і Казахстан. Пасля пра намер стаць яго ўдзельнікамі заяўлялі таксама Кіргізія і Таджыкістан.
Нявызначанай застаецца сітуацыя з Украінай. Улады Украіны заяўлялі, што краіна магла б удзельнічаць у МС па формуле 3+1, але гэта прапанова не задаволіла расійскі бок. У сваю чаргу, у ЕС не раз адзначалі, што далучэнне Украіны да Мытнага саюзу будзе азначаць яе адмову ад еўраінтэграцыі.
lenta.ru