Аляксандр Кныровіч паабяцаў згаліць бараду, калі эканамічныя прагнозы Галоўчанкі збудуцца
Эканамічны аглядальнік Аляксандр Кныровіч — пра прагнозы прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі на 2024 год.
29 жніўня Раман Галоўчанка сабраў Саўмін і прадставіў план
развіцця эканомікі краіны ў 2024 годзе. Згодна з ім, чакаецца рост ВУП на 3,8%,
а сярэдні заробак складзе 2084 рублёў (рост на 8% з улікам тэмпу інфляцыі).
— Я гатовы згаліць сваю бараду, калі ў канцы 2024 года будуць дасягнуты асноўныя паказчыкі: па росце ВУП, сальда знешняга гандлю, росце экспарту і іншых базавых лічбах, — цытуе Кныровіча «Салідарнасць» са спасылкай на відэа ў ютуб-канале аглядальніка. — Вядома, інфляцыя можа скласці 6% і рост намінальнага заробку ў 8% цалкам можа быць, але ўсё астатняе — за межамі магчымасцяў беларускага ўрада. Калі не здарыцца якая-небудзь надзвычайная падзея — кшталту змены сцяга над урадам.
Чаму прагноз за 2024 год прэм'ер-міністр зрабіў так рана?
— Раман Аляксандравіч Галоўчанка вельмі любіць сваё працоўнае месца. І, вядома, яму вельмі хочацца быць звольненым не ў студзені 2024 года перад парламенцкімі выбарамі, а ў студзені 2025 года перад чарговай выбарчай кампаніяй па выбарах Лукашэнкі на пасаду зноў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Для таго, каб пратрымацца гэты год, Галоўчанка нясе гэты бадзёры, але зусім невыканальны план туды наверх, нашаму самаму галоўнаму эканамісту, — патлумачыў Кныровіч. — Таму што ніякай іншай сітуацыі, пры якой эканоміка Беларусі выглядала б лепш, чым у канцы жніўня 2023 года, ужо не будзе.
Чаго ж чакаць у рэальнасці?
— Усе эканамісты, за выключэннем дзяржаўных прапагандыстаў, кажуць, што наступны год будзе годам стагнацыі. Што аднаўленчага росту, які назіраўся ў першыя 7 месяцаў гэтага года, больш не будзе. Таму планы — рост на 0,1-1,5% і ніяк не больш. Што з пункту гледжання росту ВУП, што з пункту гледжання росту заробкаў і іншых асноўных паказчыкаў.
Таму я не верыў бы ні на секунду Раману Аляксандравічу
Галоўчанку. Не будаваў бы свае планы ў адпаведнасці з яго прагнозамі: можна
вельмі моцна абламацца.