Аб'ём беларускага рынку web-распрацовак у 2012 годзе складзе каля 5 мільёнаў долараў

Паводле экспертных ацэнак, аб'ём беларускага рынку web-распрацовак у 2012 годзе складзе каля 5 мільёнаў долараў. Пра гэта сведчаць вынікі трэцяга рэйтынгу web-студый Беларусі, арганізаванага парталам Marketing.by.



mains.jpg

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік партала Сяргей Скараход, сёлета ў рэйтынгу бралі ўдзел 22 web-студыі. Імі было рэалізавана 608 праектаў рознага ўзроўню бюджэту. Сярэдняя колькасць праектаў за год на адну студыю склала 28. Па колькасці супрацоўнікаў сярэдняя колькасць на студыю склала 12.
 


Максімальны аб'ём рэалізаваных праектаў займаюць web-распрацоўкі коштам ад 1 000 да 3 500 долараў.
 


Калі параўноўваць з удзельнікамі папярэдніх рэйтынгаў, то ў цэлым сярэднія паказчыкі засталіся на тым жа ўзроўні. Што тычыцца колькасці ўдзельнікаў рэйтынгу, то яна знізілася даволі значна — з 40 у 2011 годзе да 22 у 2012 годзе. Тым не менш сярэдняя колькасць праектаў, рэалізаваных за год, засталася на тым жа ўзроўні.
 


Удзельнікі рэйтынгу web-студый 2012 года таксама выказалі сваё меркаванне наконт таго, у які бок развіваецца беларускі рынак web-распрацовак, пра яго тэндэнцыі і праблемы.
 


Сярод найбольш вострых праблем беларускага рынку web-распрацовак удзельнікі рэйтынгу адзначылі недахоп кваліфікаваных кадраў, іх адток на суседнія рынкі і ў буйныя аўтсорсінгавыя IT-кампаніі. Таксама экспертамі быў адзначаны нізкі ўзровень канкурэнцыі ў беларускім бізнэсе, што не стымулюе заказчыкаў выкарыстоўваць сучасныя рашэнні ў сферы web-распрацовак.
 


Сярод тэндэнцый, якія акрэсліліся на беларускім рынку web-распрацовак, — рост кошту паслуг, сыход з рынку дробных гульцоў, запатрабаванасць паслуг па праектаванні, юзабіліці-аналізе, веб-аналітыцы, а таксама кансалтынгу. З пункту гледжання тэхналагічных рашэнняў — запатрабаванасць у сферы інтэрнэт-камерцыі інтэграцыйных рашэнняў праз інтэрнэт-сістэмы як унутраных бізнэс-працэсаў, так і знешніх бізнэс-камунікацый.

 

Аляксей Арэшка, БелаПАН