Памерла Лёля Міхалюк, былая шматгадовая кіраўніца Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі

Яна была адной з апошніх прадстаўнікоў актыўнай часткі паваеннай беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

michaliuk_2cv61.jpg

Лёля (Алена) Міхалюк (Марцінкевіч) нарадзілася ў 1930 годзе ў вёсцы Лонскія цяперашняга Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Падчас ІІ сусветнай вайны яе вывезлі на працы ў Нямеччыну, па вайне яна была ў лагеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі і была актывісткаю скаўцкага беларускага руху.

Яе сям’я вырашыла не вяртацца ў СССР і пераехала ў Вялікабрытанію, там у 1947 годзе Лёля Міхалюк далучылася да Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.

У 1965-1970 гадах яна працавала ў беларускай школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага ў Лондане, падтрымлівала Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, брала ўдзел у працы Ангельска-беларускага таварыства, была сябрам рады Беларускага дабрачыннага фонду ў Брытаніі.

Яе выбралі сябрам Рады БНР у 1982 годзе, у 1997 годзе яна стала старшынёй ЗБВБ, заставалася ганаровым (нязменным) сябрам Управы Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі пасля сыходу з пасады ў 2013 годзе.

Паводле «Н*шай Нівы».