Нобелеўскі лаўрэат святкуе дзень народзінаў за кратамі. Алесю Бяляцкаму — 61!
Сёння свой дзень народзінаў святкуе заснавальнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
За гады сваёй дзейнасці Алесь быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі, ён з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, а ў мінулым годзе праваабаронца стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Гэта трэці, а ўлічваючы папярэдняе зняволенне, — ужо шосты дзень народзінаў, які Бяляцкі будзе сустракаць за кратамі.
Нагадаем, 14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі разам з калегамі па «Вясне» быў затрыманы пасля ператрусаў, праведзеных беларускімі сілавымі органамі ў больш як дзесяці арганізацыях грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацыях. 17 ліпеня яго перавялі ў СІЗА па сфабрыкаваным абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У далейшым яму былі прад’яўлены абвінавачанні ў кантрабандзе, арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У снежні 2022 года Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод» — годная ўзнагарода за бясстрашную працу. 3 сакавіка 2023 года Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі разам з сябрамі рады «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, якім прысудзілі, адпаведна, дзевяць і сем гадоў.
Упершыню Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі ў 2011 годзе і правёў у няволі 1052 дні.
Павіншаваць Алеся: ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму