«Свабоду беларускаму народу!». Тэкст Нобелеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую прачытала Наталля Пінчук

10 снежня ў Осла праходзіць урачыстая цырымонія ўзнагароджання сёлетніх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе яе атрымалі кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расійскі «Мемарыял».

photo_2022_12_10_15_36_40.jpg

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ня змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ўжо больш за 15 месяцаў зьняволены. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 году ў рамках крымінальнай справы, ён дагэтуль за кратамі.

Бяляцкаму пагражае да 12 гадоў вязьніцы, чакаецца перадача справы ў суд. Яго вінавацяць у юрыдычнай і фінансавай падтрымцы ўдзельнікаў масавых акцыяў пратэсту пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Алеся Бяляцкага на ўрачыстасьці прадстаўляе ягоная жонка Натальля Пінчук, а таксама яго сябры і калегі.

ales_bialiacki_90_1.jpg

Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага ў Осла прачытала Натальля Пінчук. «Св*бода» апублікавала яго цалкам:

«Вашы Каралеўскія Міласьці, Вашы Каралеўскія Высокасьці, шаноўныя сябры Нобэлеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.

Зь вялікім хваляваньнем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаваньні ляўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.

На жаль, ён ня можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.

Хачу выказаць вялікую падзяку:

Нарвэскаму Нобэлеўскаму камітэту, рашэньне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасьці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разьлічваць на дэмакратычную салідарнасьць у барацьбе за свае правы.

Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і ягоную справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.

Шчыра віншую Цэнтар грамадзянскіх свабодаў і Міжнароднае таварыства «Мэмарыял» з заслужанай узнагародай. Алесь і ўсе мы ўсьведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Ня толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зьняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасьцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасьцярогай, бо сёньняшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

На жаль, улада з грамадзтвам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаваньняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялёг няма размовы. Перасьледуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сыстэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі!

У такой сытуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананьні і праваабарончую дзейнасьць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з праваабарончага цэнтру «Вясна»: у вязьніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад сьледзтвам і пракурорскімі абвінавачваньнямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі праваабарончага цэнтру «Вясна-96» — не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

Алесь ня мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён пасьпеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагмэнты яго ранейшых выказваньняў, твораў, развагаў. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.

То перадаю слова Алесю.

photo_2022_12_10_15_36_40.jpg

Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азэрбайджану, Узбэкістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзьняволеных займаюць іх месца...

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі празь зьбіцьцё, катаваньні, арышты, турму.

Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэсьлівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.

Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялёг.

— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.

— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.

Мой вольны дух лунае па-над вязьніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.

Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.

Мы хочам уладкаваць нашае грамадзтва як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцьця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для сьвету цывілізацыйным уяўленьням. Мы ж ня марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш клясык Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцьця, беларуская мова і нашая гісторыя.

Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасьці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваньнем ужываньня беларускае мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каляніяльная залежнасьць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існаваньня беларусаў як народу.

Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасьцяў ідэнтычнасьці і Незалежнасьці. У незалежніцкім падпольным руху я з 1982 году, фактычна з 20 гадоў. Яго задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Ня можа быць Беларусі без дэмакратыі і ня можа быць правоў чалавека безь незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасьць павінна валодаць такой ступеньню незалежнасьці, якая гарантуе бясьпеку асобы ад злоўжываньняў улады дзяржавы.

Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.

Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыцьцём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі празь вялікія жыцьцёвыя выпрабаваньні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцьця.

Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць... А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй... Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар... Але на пачатку 90-х зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч...

9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Масавыя фальсыфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло — добра ўзброенае. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія зьбіралі сотні тысяч людзей.

Улады напоўніцу запусьцілі рэпрэсіўны мэханізм катаваньняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.

Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасьці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць празь неймаверныя катаваньні і пакуты.

Камэры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадзкія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!

Выказваньні Лукашэнкі пацьвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-блянш, каб праз страх спыніць людзей. Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасьці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадзтва ня будуць ранейшымі, калі былі цалкам зьвязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся...

Зараз пэрманэнтная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь ня ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сьцюжа з Усходу сутыкнулася зь цяплом эўрапейскага рэнэсансу.

ales_bialiacki_90_1.jpg

Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцьце Айчыны было тоесным паняцьцю свабоды.

Я дакладна ведаю, якая Ўкраіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сёньняшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу.

Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасьць, культурная і моўная русыфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатураў».

Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе. Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосьць. І малюся, каб рэчаіснасьць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.

А 10 сьнежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Ня бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасьля зімы наступае вясна.

Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы:

Свабоду беларускаму народу! Свабоду Вясьне! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»