«Ганаруся быць вашай сучасніцай». Ціханоўская павіншавала Бяляцкага і беларусаў з Нобелеўскай прэміяй міру
Святлана Ціханоўская павіншавала Алеся Бяляцкага і ўсіх беларусаў з Нобелеўскай прэміяй міру, уручэнне якой адбылося сёння на ўрачыстай цэрэмоніі ў Осла.
«Сёння Алесь Бяляцкі, а за яго плячыма — і ўся вольная Беларусь — атрымалі Нобеля, — напісала Святлана Ціханоўская. — За яго плячыма — бо Алесь рухаў наперад свае каштоўнасці, беларускую годнасць яшчэ ў тыя часы, калі некаторыя з нас яшчэ не прыйшлі да гэтага, або нават не нарадзіліся на свет. Я віншую нашага героя і ягоную жонку Наталлю Пінчук, якая атрымала Нобелеўскую прэмію за мужа і выступіла з прамовай па-беларуску.
Разам з
мноствам людзей мне было складана стрымаць слёзы падчас той прамовы. Сёння для нас
больш нічога не будзе важней за словы Алеся Бяляцкага. Таму я пакіну тут менавіта ягоныя цытаты:
«Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі
дыялёг.
— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.
— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.
Мой вольны дух лунае па-над вязьніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі».
«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і
здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць, не патускнелі.
Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не
бярэ іржа».
«Мала быць адукаваным і
дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой
набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцьце Айчыны было тоесным
паняцьцю свабоды».
«А 10 сьнежня мне хочацца паўтарыць
для ўсіх: «Ня бойцеся!». Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі
прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я
веру, бо ведаю, што пасьля зімы наступае вясна».
Спадар
Алесь, я ганаруся быць вашай сучасніцай. Мы ўсе марым пра той час, калі
Беларусь будзе вольнай, а вы і ўсе палітзняволеныя будуць на свабодзе».