Няпросты выбар Алеся Міхалевіча
Такой колькасці калег-журналістаў, як 28 лютага 2011 года на першай пасля вызвалення з вязніцы КДБ прэс-канферэнцыі Алеся Міхалевіча, я не бачыў вельмі даўно. Напэўна, з тых часоў, калі апазіцыянеры не толькі маглі расказаць нешта цікавае, але яшчэ і на нешта паўплываць.
Алесь Міхалевіч
Прэс-канферэнцыя Алеся Міхалевіча на былой сядзібе БНФ не толькі прэзентавала сапраўдную інфармацыйную нагоду, але і канкрэтна дапамагла ўсім, хто ў той час знаходзіўся за кратамі. Са следчага ізалятара КДБ зніклі сумнавядомыя маскі-шоў.
Шчаслівае дзяцінства
Алесь Міхалевіч, выйшаў з «праслойкі». Менавіта так у савецкія часы называлі інтэлігенцыю. Яго бацька, Анатоль Аляксеевіч, працаваў у Інстытуце будаўніцтва і архітэктуры, займаўся электраправоднасцю рэчываў, а маці, Людміла Сцяпанаўна, у Інстытуце генетыкі і цыталогіі даследавала генныя мутацыі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 15 траўня 1975 года ў іх нарадзіўся сын, якога назвалі Алесем. Адбылося гэта ў беларускай сталіцы. У Алеся ёсць яшчэ старэйшая на 5 гадоў сястра. Афіцыйнае імя — Алена, але ўсе завуць яе Лёляй. Паводле спецыяльнасці яна біёлаг.
Як і ўсе хлопчыкі, у раннім дзяцінстве Алесь Міхалевіч марыў стаць касманаўтам. Аднак бацькі патлумачылі, што пры дрэнным зроку гэта немагчыма, і таму пазней ён зразумеў, што хоча быць мовазнаўцам.
Вучыўся ён у мінскай 19-й матэматычнай школе, але ў апошнім класе перавёўся ў знакаміты Гуманітарны ліцэй. Там пазнаёміўся з выбітнымі выкладчыкамі: літаратуразнаўцам Пятром Васючэнкам, мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам, грамадазнаўцам Анатолем Сідарэвічам, эканамістам Юрасём Чудзіным. Зразумела, у галаве ўсё перамяшалася, таму пры паступленні ва ўніверсітэт Алесь выбіраў паміж эканомікай, паліталогіяй і правазнаўствам. На паліталогію ў БДУ набор адбываўся ўпершыню. Гэта і стала вырашальным.
У 1992 годзе Алесь Міхалевіч паступіў у галоўны ўніверсітэт краіны, і адразу ж уступіў у Задзіночанне беларускіх студэнтаў. Часам некаторыя калегі падаюць, што ён быў заснавальнікам арганізацыі. Гэта няпраўда. Арганізацыя на той момант ужо не толькі існавала, нават была афіцыйна зарэгістраваная. Узначальваў яе студэнт-хімік Аляксей Глушко. А Алесь узначаліў суполку ЗБС у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Усю арганізацыю ён узначаліў крыху пазней — у 1995 годзе. І кіраваў ёй да 1999 года. Менавіта час яго старшынства не без падстаў называюць самым яркім у існаванні ЗБС. Няма сэнсу пералічваць усе мерапрыемствы, адзначу толькі іх адрозненне ад астатніх сваёй крэатыўнасцю. «Дзякуй прэзідэнту за хлеб і малако», напрыклад.
Залежная навука
У 1997 годзе Алесь Міхалевіч паспяхова скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «паліталогія», і адразу ж стаў аспірантам Інстытута дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук. Нягледзячы на тое, што некалі ён праходзіў стажыроўкі ў Варшаўскім і Оксфардскім універсітэтах, што без сумневаў сведчыць пра высокі ўзровень адукаванасці, абараніць кандыдацкую дысертацыю ў роднай Беларусі яму не далі.
Справа ў тым, што на той момант ён ужо быў сябрам БНФ, а кіраўніцтва краіны вельмі добра памятала, што менавіта з навукова-культурніцкага асяроддзя і выйшла некалі самая моцная апазіцыйная арганізацыя.
Нягледзячы на тое, што дзяржаўная абструкцыя, мякка кажучы, не дапамагала Алесю Міхалевічу, пасля сканчэння вучобы ён стварыў і ўзначаліў арганізацыю, якая даволі паспяхова займалася моладзевымі абменамі і турызмам. Дзякуючы ёй больш за 2000 маладзёнаў здолелі наведаць краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.
З 2000 года Міхалевіч працаваў на кіруючых пасадах у турыстычным СП «Аркадыя». Нават быў генеральным дырэктарам гэтай кампаніі. Пасля сямі праверак, учыненых уладамі з-за ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2004 года, пасаду давялося пакінуць.
Складаная палітыка
У 2005 годзе Міністэрства эканомікі РБ выдае Алесю Міхалевічу акрэдытацыю выступаць у якасці антыкрызіснага кіраўніка. У 2007–2008 гадах ён працаваў юрысконсультам Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане, а потым два гады — юрыстам Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Паралельна з прафесійнай дзейнасцю займаўся і грамадска-палітычнай. З 2003 па 2007 гады Алесь Міхалевіч быў дэпутатам Пухавіцкага раённага савета Мінскай вобласці і каардынатарам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Выдаваў незалежную газету «Рэгіён» у Мар’інай Горцы. Ініцыяваў шэраг крокаў па пашырэнні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання.
Здаецца, такі спіс дае нагоды адчуваць сябе вельмі добра ў апазіцыйным асяроддзі, аднак у рэальнасці ўсё выйшла інакш.
Я ўжо неаднаразова пісаў пра тое, што жыву з адчуваннем нейкай прапушчанай падзеі. Такое ўражанне, што ўлада ў краіне ўжо памянялася, прэзідэнт іншы, і апазіцыянерам, акрамя «грызні» паміж сабой, няма чаго рабіць.
Канешне, гэта толькі сумны жарт, але пастаянныя разборкі ў апазіцыйным асяроддзі моцна стамілі не толькі мяне. Не палічыце перабольшваннем, аднак сёння даволі цяжка назваць апазіцыйнага лідара, які не быў бы абвінавачаны ў супрацоўніцтве з КДБ і не адзначыўся зачысткай сваіх канкурэнтаў.
Але сумна не толькі ад гэтага. На жаль, асабістыя амбіцыі лідараў вельмі часта прыводзяць да пачкавання палітычных сіл. Напрыклад, толькі спецыялісты і людзі вельмі дасведчаныя могуць дакладна сказаць, колькі ў нашай краіне на дадзены момант існуе сацыял-дэмакратычных партый...
На жаль, такім жа шляхам пайшоў і БНФ.
З 2004 па 2008 год Алесь Міхалевіч быў намеснікам старшыні партыі БНФ, і сёння, напэўна, у гэтым статусе былі б нязначныя змены, калі б у 2008 годзе ён не балатаваўся на пасаду старшыні. Менавіта гэта, на мой погляд, і стала падставай выключэння з афіцыйнай фармуліроўкай «за парушэнні партыйнай этыкі і дысцыпліны».
Наўмысна не стану займаць нейкі канкрэтны бок, бо гэта не справа журналіста. Адзначу толькі, што Алесь Міхалевіч далёка не адзіны апазіцыянер, які быў выключаны з шэрагаў аднадумцаў. Да таго ж, «выключэнне» апанентаў — зусім не тая каштоўнасць, за якую змагаюцца апаненты ўлады.
Не палічыце зларадствам, але я ўсё часцей і часцей пагаджаюся з тымі, хто лічыць: адзінае, што іх можна аб’ядаць, — турма.
Няпросты выбар
Не хочацца рабіць падобную выснову, але ў снежні 2010 года так і адбылося. За кратамі ўсе сталі палітвязнямі, і толькі потым прадстаўнікамі нейкіх палітычных плыняў.
27 студзеня 2010 года Алесь Міхалевіч публічна абвясціў пра пачатак сваёй кампаніі па вылучэнні на пасаду прэзідэнта Беларусі ў якасці незалежнага кандыдата. А роўна праз тры месяцы, 27 траўня, прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы «Беларусь: стратэгія эвалюцыі».
24 жніўня 2010 года ён заснаваў і ўзначаліў грамадскі рух «За мадэрнізацыю».
27 верасня 2010 года Цэнтральная Выбарчая Камісія РБ зарэгістравала яго ініцыятыўную групу ў колькасці 1795 чалавек.
Пасля рэгістрацыі неабходных подпісаў, Алесь Міхалевіч атрымаў статус кандыдата ў прэзідэнты, але гэта не выратавала яго ад пераследу пасля выбараў. Што і як адбывалася ў тыя дні, пісалі вельмі многія. У тым ліку і я, таму, як і ў папярэднім нарысе прапаную сайт http://kamunіkat.org/usіe_knіhі.html?pubіd=20069
У кнізе «Супраць плыні» даволі падрабязна расказана ў тымі ліку і пра тое, што адбылося 28 лютага2011 года.
Адзначу толькі, што для таго, каб не пабаяцца і публічна расказаць пра катаванні палітвязняў у СІЗА КДБ, трэба мець МУЖНАСЦЬ. Пасля гэтай заявы Алеся Міхалевіча выклікалі на допыт у КДБ, але ён туды не прыйшоў, таемна пакінуўшы Беларусь, і быў абвешчаны ўладамі ў міжнародны вышук.
23 сакавіка 2011 года стала вядома, што Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Цяпер ён жыве ў адной з краінаў Еўропы.
Вымушаная эміграцыя
Ніколі не зайздрошчу тым, хто па палітычных матывах з’ехаў з Беларусі, хаця сярод іх сустракаюцца людзі, якія да палітыкі не маюць ніякага дачынення. У адрозненне ад іх, Алесь Міхалевіч эміграваў зусім не таму, што гэтага хацеў, а таму, што быў вымушаны.
Пасля ад’езду з Беларусі, ён у асноўным займаўся навуковымі справамі. Рыхтаваў доктарскую дысертацыю, якую абараніў 10 траўня 2013 года ў Польскай акадэміі навук. Чытаў лекцыі ў некалькіх універсітэтах.
Як і трэба было чакаць, у фокусе яго ўвагі заўсёды заставалася праблема катаванняў у беларускіх турмах. Сустракаўся з гэтай нагоды са спецыяльным дакладчыкам ААН па катаваннях Хуанам Мэндэсам. Беларуская тэма яго вельмі зацікавіла. Камунікацыі працягваюцца і цяпер.
Акрамя таго, выйшаў першы нумар часопіса «Брэйнсторм», які рэдагуе Алесь Міхалевіч. Часопіс прысвечаны будучай Беларусі, рэформам, якія неабходна зрабіць у нашай краіне.
Напэўна, у гэтым месцы, па законах жанру, трэба было паставіць кропку, але хочацца падзяліцца з чытачамі яшчэ аднымі вельмі цікавымі абставінамі асабістага жыцця Алеся Міхалевіча.
Можна сказаць, што дзякуючы грамадска-палітычнай дзейнасці ён сустрэў і сваю «другую палову». У траўні 1996 года для дзелавой размовы Алесь Міхалевіч сустрэўся з Міланай Шушкевіч, дачкой паэта-песенніка Міхася Серафімавіча Шушкевіча, які не мае ніякага дачынення да самага вядомага носьбіта гэтага прозвішча.
Сустрэча была звязана са справамі Задзіночання беларускіх студэнтаў. І, як успамінае сама Мілана, «нічога тады паміж намі не было, чыста працоўныя адносіны». Таму весці нейкі адлік менавіта з гэтага часу не выпадае.
Пачуцці нарадзіліся крыху пазней, а 26 жніўня 1999 выліліся ў вяселле.
Мілана Міхалевіч нядаўна скончыла аспірантуру і выкладае (па размеркаванні) англійскую мову ў адным з ВНУ.
Герою гэтага нарыса яна падаравала двух прыгожых дачок, таму напрыканцы будзе лагічней паставіць не кропку, а шматкроп’е...