Мой хросны бацька Алесь Пушкін
Я прачытаў дзясяткі артыкулаў пра свайго хроснага бацьку, мастака Алеся Пушкіна, і хіба што адзінкі з іх мне спадабаліся, і вырашыў напісаць свой. Напісаць не пра нейкія мастацкія дасягненні хроснага бацькі, а пра тое, які ён для мяне — Алесь Пушкін.
14 кастрычніка 2001 года мяне хрысцілі ў рускай праваслаўнай царкве ў Гомелі і маім хросным бацькам стаў сябра сям’і, мастак Алесь Пушкін. У пасведчанні аб хрышчэнні ўсё было напісана па-беларуску. І гэта адна з галоўных рыс Пушкіна: рабіць навакольны свет беларускім. І ў малым, і ў вялікім.
Праводзячы частку лета ў дзяцінстве ў Пушкіна, я сустракаў вялікую колькасць людзей, якія прыязджалі да яго ў госці, і гэта былі не толькі творчыя асобы, але і кіроўцы, лекары, выкладчыкі, студэнты. Іх усіх аб’ядноўвала тое, што ў гасцях у Пушкіна яны альбо размаўлялі па-беларуску, альбо спрабавалі, нават калі гэта былі студэнты з ЗША. Часам гэта былі людзі, якія прыехалі паглядзець на яго мастацкія працы, але была і частка тых, хто прыехаў, каб проста пабыць у той атмасферы, якую стварае вакол сябе Пушкін — беларускацэнтрычную атмасферу. Ёсць людзі, якія як бы робяць прышчэпку беларушчыны, іх беларускасць прыгожая і хочацца стаць часткай гэтага свету. Да такіх людзей належыць Алесь Пушкін. Пушкін не самасцвярджаецца ў беларускасці, не абмяжоўваецца ёю, не навязвае яе, а жыве ў ёй. Калі вы прыедзеце ў яго родны Бобр, вы пабачыце на дрэвах шпакоўні, якія зрабіў Алесь Пушкін, арэлі, якія зрабіў Алесь Пушкін, зможаце патрапіць на Купалле, якое ладзіць Алесь Пушкін, а калісьці можна было зайсці і ў царкву, якую размаляваў Алесь Пушкін. Усё наваколле ягонага роднага мястэчка пацвердзіць вам, што тут жыве беларускі мастак. Дарэчы, Алесь Пушкін — адзіны мастак на Крупскі раён, які ўваходзіць у Саюз мастакоў. А калі б такіх Пушкіных было у раёне 20? Відавочна, Крупскі раён быў бы іншым.
Я зрэдку сустракаў такіх самастойных і пры гэтым эксцэнтрычных постацяў, як Алесь Пушкін. Здаецца, што хоць увесь свет будзе размаўляць не па-беларуску, але Пушкін працягне размаўляць на мове і адстойваць сваё права на гэта. Такі ж самы Пушкін ва ўсім: у сваіх думках, паводзінах, творчасці. Прынцыповы і непахісны. Гэтая самадастатковасць і незалежнасць адштурхоўвае ад Пушкіна людзей залежных. Нават калі мы хадзілі на нейкія выставы з хросным бацькам, нейкія людзі адразу падыходзілі, каб павітацца, а іншыя, відавочна, пазбягалі погляду Пушкіна і кантактаў з ім. Было бачна іх напружанне ад адной толькі прысутнасці Пушкіна.
Памятаю, як пабачыў навіну ў 2021 годзе пра тое, што супраць Пушкіна заведзена крымінальная справа і наўздагон навіну пра тое, што Алесь Пушкін вяртаецца ў Беларусь з выставы ў Кіеве. У гэтым увесь Пушкін. У час, калі вялікая колькасць беларусаў шукае камфортнага і бяспечнага існавання, Пушкін абірае Беларусь, нават калі гэта не зручна. Некалі даўно Пушкін сфармуляваў праблему вялікай часткі беларускай творчай інтэлігенцыі — пятка баліць. Праблема палягае ў тым, што з цягам часу нават маладыя творцы пачынаюць яму скардзіцца на свой цяжкі лёс: што іх творчасць незапатрабавана, пра фізічныя праблемы са здароўем і г. д. Гэту праблему Пушкін звязваў з верай, што людзі проста не вераць у Беларусь.
Яшчэ адзін момант, які мяне заўжды захапляў у Пушкіне — гэта пераемнасць. Сям’я Пушкіна — гэта беларускі каўчэг, у якім усе чальцы сям’я розныя, але ўсе беларускацэнтрычныя. Кожны з іх цікавіцца чымсьці сваім, але глядзіць на гэта з беларускага пункту гледжання. Можна размаўляць з імі пра што заўгодна, але вы дакладна зразумееце, што размаўляеце з беларусамі.
10 сакавіка ў Мінску пачаўся суд над Алесем Пушкіным, на які атрымалася трапіць і мне.
Калі я ўвайшоў у залю, я нават не адразу заўважыў, што за кратамі ў залі суда хтосьці ёсць, бо Пушкін ляжаў на лаве. Потым суддзя прапанавала яму ўстаць, але Пушкін адказаў, што не можа ўстаць, бо рукі ў кайданках, папрасіў дапамогі. Суддзя зрабіла перапынак, і кайданкі яму знялі, але Пушкін усё роўна ляжаў. На пытанне суддзі, чаму Пушкін зноў ляжыць і не хоча ўстаць, Пушкін рэзка ўскочыў і запытаўся, чаму вы думаеце, што я не хачу ўстаць. І далей ініцыятыва ўжо была на баку Пушкіна. Пушкін вёў суд па сваім сцэнары. Заявіў адвод суддзі, пракурору і свайму адвакату. Кожны адвод разглядалі асобна, у гэты час Пушкін распавядаў пра свой лад жыцця за кратамі, даваў настаўленні сваім родным, жартаваў. Спачатку яго спрабаў спыніць канвой, але атрымалі моцны адказ ад Пушкіна, што спыніць чалавека, які ўжо за кратамі, не атрымаецца. Шчыра кажучы, я наведаў шмат судоў, але такі ў першы раз. Як любіў паўтараць Пушкін у судзе: судзяць беларускага мастака за яго працы!
З-за адводаў суддзяў судовае паседжанне зацягнулася і пра тое, што суд будзе закрытым з-за наяўнасці звестак, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай, абвясцілі толькі пасля перапынку на абед. Звычайна такая аб’ява гучыць ужо ў першую гадзіну судовага паседжання. У людзей запатрабавалі пакінуць судовую залю, а Пушкін пачаў з усімі развітвацца і казаць, што Беларусь будзе вольнай. На судзе над Пушкіным склалася моцнае ўражанне, што Пушкін нават на лаве падсудных адчувае сябе больш свабодным, чым прысутныя ў залі суда.
Падчас судовага паседжання было шмат цікавых момантаў, і няхай яны застануцца ў памяці тых, хто не паленаваўся, не пабаяўся і прыйшоў на суд над мастаком, але на адным з такіх момантаў я хацеў бы сканцэнтраваць асаблівую ўвагу. Суддзя запыталася ў Пушкіна, колькі разоў ён прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, на што Алесь Пушкін адказаў: «15 разоў!». 2 па крымінальнай, астатнія па адміністрацыйнай. Першая была ў канцы 80-х. Нягледзячы на ўсё гэта, Пушкін да дня затрымання рэстаўраваў беларускія архітэктурныя славутасці. Вось такі прыклад жыцця беларускага мастака.
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года на працы ў Жылічах, дзе рэстаўраваў палац Булгакаў. Пасля абвінавачаны па двух артыкулах КК. У бліжэйшы час яму павінен быць вынесены прысуд.
Вы можаце падтрымаць Алеся Пушкіна і напісаць яму ліст: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Мінск.Пушкіну Аляксандру Мікалаевічу