Навіны дня. Мінабароны Расіі прызналася, што бамбіць Украіну з Гомеля, а беларусы моляцца за мір
У Чырвоным касцёле ў Мінску маліліся за Украіну. А ў той жа час з'явіліся доказы выкарыстання тэрыторыі Беларусі для бамбавання нашай паўднёвай суседкі. Што адбылося ў Беларусі ў нядзелю, 20 сакавіка, чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.
Міністэрства абароны РФ зноў пракалолася. На іх сайце з’явіўся відэаролік, на якім бачны ўзлёт з беспілотніка РФ з боекамплектам, адлюстраваны ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на гэтым жа аэрадроме. Усё б нічога, але на кадрах апазнаны Гомельскі грамадзянскі аэрапорт. І цяпер вялікае пытанне, лічыць яго «грамадзянскім» ці вайсковым аб’ектам, па якім можа быць нанесены ўдар.
У мінскім касцёле святых Сымона і Алены арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі цэлебраваў імшу за мір ва Украіне. На ёй прысутнічалі таксама ксёндз-пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк і кіраўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з беларусамі маліўся і пасол Украіны ў БеларусіІгар Кізім.
Марцін Мельнікаў вырашыў напісаць пра свайго хроснага бацьку — мастака Алеся Пушкіна, якога цяпер судзяць. Напісаць не пра нейкія мастацкія дасягненні хроснага бацькі, а пра тое, які ён для яго — Алесь Пушкін.
Пётр Кузняцоў разважае, чаму так шмат беларусаў, якія супраць Лукашэнкі, падтрымліваюць Расію. «Беларуская рэвалюцыя не скончылася, але і не прайграла. Яна ідзе. Ідзе ў мазгах, у пераналадках, ва ўстаноўках», — лічыць ён.
Жонка палітзняволенага журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына Вольга напісала, што неўзабаве можа пачацца рэалізацыя плана ўцягвання непасрэдна беларусаў у вайну супраць Украіны. Трывожны званочак — эвакуацыя беларускіх амбасадараў з Украіны.
І добрая навіна напрыканцы: палітвязень Мікалай Чарняўсківыйшаў на волю. Ён цалкам адбыў свой тэрмін.