«Мяне раздражняе трасянка — бо гэта здзек з мовы». Малдаванка вывучыла беларускую і нават выдала кнігу вершаў

«Калі малдаванін з'язджае са сваёй краіны, ён ніколі не скажа пра яе дрэннага. Але я амаль не сустрэла беларусаў, якія пасля эміграцыі казалі б пра тое, якая цудоўная Беларусь», — здзіўляецца Аксана Шаўчэнка, якая пяць гадоў таму прыехала ў Беларусь з Малдовы, вывучыла беларускую мову і выдала на ёй паэтычны зборнік.

imgl2701_logo.jpg

«Цяжка сказаць, што ў першыя візіты адчула нешта грандыёзнае»


Аксана працуе ўрачом-нефролагам у адным з мінскіх шпіталяў. У нашу краіну яна пераехала разам з мужам, але неўзабаве сям'я распалася. Замест таго, каб вярнуцца на радзіму, дзяўчына вырашыла застацца.
— Калі я сюды прыехала, то пачала ўсё спачатку. У мяне не было тут ні сяброў, ні знаёмых, ні сувязяў — нічога. У мяне быў муж, кватэра, дыплом — нібыта нейкая стабільнасць. Праз год я аказалася на вуліцы без жытла, без грошай, нават без адзення, але я ўжо была не адна. У мяне з'явілася шмат сяброў, праца, за якую я вельмі трымалася, вучоба — я атрымлівала другую вышэйшую адукацыю (у Беларусі Аксана вывучылася на юрыста. — НЧ), — тлумачыць суразмоўца.
Яна прызнаецца, што тады адчула вельмі моцную падтрымку ад самых розных людзей, з якімі сябравала, працавала, вучылася. Да таго ж у Беларусі ёй усё падабалася.
— Адзінае, што мяне бянтэжыла і ўсё яшчэ бянтэжыць — гэта халодны клімат. Гэта цяжка, тут далёка не так сонечна, як у Малдове, — гаворыць дзяўчына.

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu7_logo.jpg


Упершыню ў Беларусь Аксана прыехала ў 2011 годзе, і тады яна нічога не ведала пра нашу краіну, апроч таго, што гэта «постсавецкая рэспубліка, падобная на Савецкі Саюз», і што тут — так-так, — чыста.
— Шмат у чым гэта было незвычайна, гэтыя квіточкі, якія купляюць у аўтобусах — у нас даўно ўжо няма такой сістэмы, няма метро, — усміхаецца Аксана. — Але цяжка сказаць, што ў першыя свае візіты я адчула нешта грандыёзнае. Гэта была краіна, якая прыцягнула сваёй бяспекай, хоць цяпер гэта гучыць дзіўна. Але да таго моманту мне было страшна выйсці ноччу на вуліцу. Тут я пабарола гэты страх, калі хадзіла на начныя выставы. У нас клімат значна цяплейшы, і на вуліцах заўжды было шмат людзей без пэўнага месца жыхарства, і я баялася.  А тут іх не было — хаця б таму, што тут холадна, ну і яшчэ таму, што іх ганяюць.
Аксана пераязджала ў Беларусь без слёз і без болю ад таго, што губляе сваю краіну, якую вельмі любіць — бо ад гэтага яна не пераставала быць яе краінай. Дзяўчына не думала, што едзе назаўжды, і ўспрымала гэта як эксперымент. Ёй ніколі не было страшна асвойвацца на новым месцы і пачынаць спачатку. Можа быць таму, што пачынаць у нейкім сэнсе лягчэй, чым утрымліваць тое, што ёсць. Але Аксана заўжды памятае важнае правіла: калі ты едзеш у краіну і дрэнна думаеш пра яе карэнных жыхароў, то нічога добрага не атрымаецца.
— Я заўжды адчувала, што люблю сваю радзіму. І калі праводзіць паралель з беларусамі, нягледзячы на тое, што я іх вельмі люблю, розніца паміж намі каласальная менавіта адносна міграцыі. Калі малдаванін з'язджае са сваёй краіны, ён ніколі не скажа пра яе дрэннага. Людзі любяць сваю краіну, ніколі не рвуць з ёй сувязі і робяць усё, каб вярнуцца. За мяжой яны ўсім распавядаюць, якая цудоўная іх радзіма і запрашаюць да сябе — і гэта ўсё ад душы. Але я амаль не сустрэла беларусаў, якія пасля эміграцыі казалі б пра тое, якая цудоўная Беларусь. Мне здаецца, што гэта нешта ўнутранае, не навеянае палітыкай ці выхаваннем, нешта зусім глыбіннае. Бо беларусы больш суровыя, халодныя. Хаця ў вас моцна развіты патрыятызм.

«Часта даводзіцца выслухоўваць, што ты — абслугоўваючы персанал»

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu4_logo.jpg

Параўноўваючы сістэмы аховы здароўя Беларусі і Малдовы, Аксана пачынае з навучання, і тут аддае перавагу малдаўскай школе. У яе краіне праграма ў медуніверсітэце пабудаваная так, што трэба ведаць, як лечаць ва ўсім свеце. Гэта дае магчымасць урачу самому рабіць выбар у метадах лячэння, абапірацца на доказную медыцыну і сучасныя крыніцы. У Беларусі, на думку Аксаны, навучанне не такое рознабаковае.
У Малдове страхавая медыцына, але гэта мае як плюсы, так і мінусы. Напрыклад, малдаўскія ўрачы не маюць магчымасці практыкавацца на такім узроўні, на якім практыкуюцца іх беларускія калегі. Пацыентаў у першых менш — проста таму, што за лячэнне людзям трэба плаціць.
— Такіх здольных рабят, такія шпаркія розумы сярод маладых людзей я ў сябе на радзіме не сустракала. У нас ёсць талковыя ўрачы, але яны становяцца такімі ў больш сталым узросце.
У той жа час у Беларусі маладыя медыкі вельмі выматаныя. Штодзённая праца плюс некалькі дзяжурстваў на тыдзень — гэта вельмі добрая школа, але вытрымаць такое могуць не ўсе.
І ўсё ж суразмоўца выступае за страхавую медыцыну, бо калі чалавек плаціць за нешта грошы, ён значна больш гэта цэніць.
— У мяне на радзіме дактароў уносяць да ўзроўню бога. Ім давяраюць, іх слухаюцца, выконваюць іх прадпісанні. А тут вельмі часта даводзіцца выслухоўваць ад пацыентаў, што ты — абслугоўваючы персанал.

«Перакладала беларускія гісторыі на румынскую мову, каб распавесці сяброўкам»

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu2_logo.jpg


Аксана перакананая, што ў кожнай краіне можна знайсці нешта надзвычайнае і цікавае. І ў Беларусі яна гэта знайшла. Дзяўчына нават памятае, калі гэта адбылося — вясной 2020 года.
— Я не ведаю канкрэтнай прычыны, але яна яўна не палітычная. Хутчэй за ўсё — змена працы, пачатак кавіду і глабальны лакдаўн, падчас якога мы, група дактароў, пастаянна знаходзіліся разам. Напачатку добрыя людзі нават прадстаўлялі нам бясплатна кватэры, каб дактары там пражывалі і былі адмежаваныя ад сваіх сем'яў. Гэта было дзівосна! Але працягнулася нядоўга, бо не было ўрэгулявана заканадаўча.
Так Аксана апынулася ў атачэнні надзвычайных людзей. Сяброўства стала настолькі плённым, што медыкі нават стварылі свой музычны гурт «Валачобнікі», які выконваў аўтарскія песні на беларускай мове (хоць сярод удзельнікаў гурта было некалькі замежнікаў), а таксама каверы. Аксана мае базавую музычную адукацыю і нядрэнна спявае, хаця ў гурце ўдзельнічала дзеля задавальнення.
— Мы пачалі разам наведваць месцы, дзе знаходзіцца (падчас пандэміі. — НЧ) было бяспечна. Я памятаю паездку ў Гарадзішча пад Мінскам, дзе цячэ рака Менка. Вандроўка суправаджалася такімі аповедамі, што я слухала і ўпівалася гэтымі гісторыямі. Я была здзіўлена, наколькі беларусы, якія не з'яўляюцца гісторыкамі ці гідамі, могуць ведаць гісторыю свайго краю і рознабакова распавядаць яе чалавеку з іншым менталітэтам, каб ён закахаўся ў гэтую краіну. І мне захацелася перадаваць гэта сваім знаёмым, сябрам, бацькам. Я перакладала ў галаве беларускія гісторыі на румынскую мову, каб распавесці сяброўкам.

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu8_logo.jpg


Аксана прызнаецца: за папярэднія гады турызму і пражывання ў Беларусі яна не пачула столькі ўсяго цікавага, колькі ёй пашчасціла даведацца ад сваіх апантаных калег.
Аднойчы дзяўчына падзялілася з імі, што калісьці пісала вершы на румынскай і рускай мовах. Яна і сама не ведае, чаму сказала пра гэта, бо дагэтуль не казала нікому.
— У нашай кампаніі быў чалавек, які пісаў вершы і прозу. Я прачытала яго творы і нічога не зразумела, — смяецца Аксана. — «Наступная станцыя Акадэмія навук» — вось усё, што я ведала тады па-беларуску. Да таго ж гэты чалавек складана піша. Але ад гэтага мне было яшчэ больш цікава.
Да таго ж гарачае нацыянальнае самалюбства малдаванкі кінула ёй выклік, і Аксана падумала: а чаму яна так не можа? І паспрабавала напісаць — не верш, а хутчэй рыфмоўку, — па-беларуску. Але рэакцыя людзей, якія гэта прачыталі, пераўзышла ўсе чаканні: захапленне, удзячнасць за даніну павагі беларускай мове — так з Аксанай яшчэ ніхто не размаўляў.
— Я адчула не штучную падтрымку ад таго, што людзі мяне шкадавалі, а тое, што нехта мной захапляўся. А яшчэ тое, што было каштоўным для мяне — мая радзіма, мае традыцыі, нацыянальная кухня — раптам аказалася каштоўным і для іншых людзей. І ад гэтага становішся ўпэўненай, што чагосьці вартая. З'яўляецца жаданне дзяліцца гэтым, а чым больш дзелішся нечым добрым, тым больш добрага да цябе прыходзіць. Так выйшла, што цяжкія часы кавіду прынеслі мне магчымасць пачаць рабіць нешта так, як я хачу.

«Беларусы не вывучаюць беларускую мову з ляноты»

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu3_logo.jpg


Дзяўчына пачала вывучаць беларускую мову, прычым досыць незвычайным спосабам — праз паэзію. З прозай, прызнаецца, і дасюль цяжка, да таго ж ёй, як правіла, прапаноўвалі складаныя творы.
— Калі мне падарылі кнігу Караткевіча — гэта вельмі каштоўна, але гэта немагчыма прачытаць замежніку, — зазначае яна.
Аксана прачытала шмат беларускіх паэтычных твораў самых розных часоў, жанраў, узроўняў складанасці. Вялікае ўражанне на яе зрабіла «Сарматыя» Марыі Мартысевіч — можа быць, таму, што гэтая гісторыя ў нечым пераклікаецца з яе асабістай.
Захапіўшыся беларускай паэзіяй, дзяўчына пачала пісаць усё больш уласных вершаў на беларускай мове. Некаторыя з іх друкаваліся ў літаратурных часопісах, Аксану запрашалі на паэтычныя вечарыны. І так паступова з'явілася яе ўласная кніга паэзіі на беларускай мове «Канец цытаты».
— Я выдала яе, хутчэй, каб яна засталася ў гісторыі маёй сям'і. Можа, далей будзе яшчэ нешта. У мяне ёсць задумка, што, калі дажыву да 50 — 60 гадоў, я што-небудзь напішу пра сваё жыццё ў прозе. І не важна, што гэта ніхто не купіць, але мне вельмі хацелася б, каб гэтую кнігу чыталі мае дзеці. Я б вельмі хацела прачытаць такую кнігу, калі б яе напісала мая прабабуля, бо гэта вельмі цікава. Я не ведаю, што будзе далей, але перакананая, што мы ўжо жывем у гістарычны час.

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu5_logo.jpg


Гісторыя Аксаны ўражвае, асабліва на фоне таго, што самі беларусы часам не лічаць патрэбным ведаць сваю нацыянальную мову.
— У маёй краіне адна дзяржаўная мова — румынская. Яна з'яўляецца дзяржаўнай з моманту распаду Савецкага Саюза, але ў нас дасюль існуюць людзі, якія ёй не валодаюць. Гэта рускамоўныя людзі. Калі ты ходзіш у краму, паступаеш ва ўніверсітэт, ездзіш у транспарце, атрымліваеш медыцынскія заключэнні і юрыдычныя дакументы на адзінай дзяржаўнай мове, можна вывучыць яе сто разоў. Я не магу адказаць сабе на пытанне, чаму яны не вучаць.
Тут сітуацыя іншая: ёсць мова, на якой цябе заўжды зразумеюць. І мне здаецца, што многія беларусы не вывучаюць беларускую мову далёка не з нейкіх глабальных прычын, а проста з ляноты. Бо навошта? Хаця я, як чалавек полілінгвістычны (Аксана, апроч румынскай, ведае рускую, украінскую, англійскую, іспанскую і беларускую. — НЧ), лічу, што, чым больш моваў ты ведаеш, тым прасцей табе ў жыцці.
А яшчэ мяне раздражняе трасянка — бо гэта здзек з мовы.

«Я ніколі не перажывала таго, што перажыла ў Беларусі»

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu02_logo.jpg


Аксана гаворыць, што Беларусь стала для яе другой радзімай, хоць ёй даводзілася вандраваць па розных краінах.
— Калі перажываеш адны з самых светлых момантаў жыцця ў чужой краіне, яе ўжо цяжка назваць чужой. Нягледзячы на ўсю любоў да маёй радзімы і маё шчаслівае дзяцінства, я ніколі не перажывала таго, што перажыла ў Беларусі. Таму што гэта — маё свядомае, дарослае, тое, чаго я дабілася па сваім жаданні.

aksana_szauczenka_novy_czas_fota_dzmitryj_dzmitryeu1_logo.jpg

Сваю будучыню Аксана хацела б бачыць у Беларусі. Але пакуль яна нічога не загадвае. За апошнія гады з краіны з'ехала вельмі шмат яе сяброў і калег.
— Я ведаю, што ў любым іншым месцы я змагу хутка асвоіцца — вывучыць мову, знайсці працу, саюзнікаў. Але мне б гэтага не хацелася. Тут сапраўды добра. І я яшчэ не ўсё адкрыла тут. Канечне, мне хочацца дадому — я не была на радзіме шмат гадоў. За гэты час у мяне з'явіліся новыя сваякі, нехта сышоў. Гэта страшна. Але, на жаль, цяпер магчымасці паехаць дамоў няма.

imgl2709_logo.jpg


Фота Дзмітрыя Дзмітрыева