Кузнечык: Мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай

Андрэй Кузнечык напісаў, чаму ён не з’ехаў з Беларусі, і папрасіў сябра апублікаваць яго ў тым выпадку, калі на журналіста завядуць крымінальную справу.

269887216_4944589218914212_8335843994989712944_n.jpg

Гэты тэкст журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык напісаў — так сталася — напярэдадні свайго затрымання.

«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны.

У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі).

Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго.

Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міф на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.

Я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць не меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння».