Жывы ланцуг на 202 кіламетры! Баскі — за рэферэндум аб незалежнасці
З чырвона-бела-зялёнымі ікурыннямі — сваім традыцыйным сімвалам і сцягам — дзясяткі тысяч жыхароў іспанскай Краіны Баскаў утварылі ў нядзелю жывы ланцуг даўжынёй 202 кіламетры. Яны заклікаюць даць ім магчымасць правесці рэгіянальны рэферэндум аб незалежнасці.
Ланцуг пачынаўся ў горадзе Сан-Себасцьяне і заканчваўся ля будынка парламента Краіны Баскаў ў Віторыі. Акцыя была арганізавана басконскай арганізацыяй GURE ESKU DAGO, што азначае "У нашых руках". Яе прадстаўнік Анхель Айарбідэ кажа:
"Сёння тысячы грамадзян паказалі, што мы хочам вырашыць палітычную будучыню гэтай краіны. Нам трэба вызначыцца з ёй, і ў нас ёсць тысячы і тысячы прычын, якія падахвочваюць нас да гэтага, яны ўплываюць у паўсядзённым жыцці як на кожнага з нас паасобку, так і на ўсіх разам. Мы павінны ўсе разам сказаць сваё слова і вырашыць нашу будучыню".
Значная частка насельніцтва Краіны Баскаў не падтрымлівае ідэю аддзялення ад Іспаніі. Аднак і сярод прыхільнікаў адзінства шмат тых, хто лічыць: народ павінен мець права выказацца.
Іспанская канстытуцыя не дазваляе ўздымаць пытанне аб незалежнасці аўтаномных супольнасцяў без згоды Мадрыда. Пасля рэферэндуму аб незалежнасці ў Каталоніі Мадрыд узяў пад свой прамы кантроль кіраванне гэтай аўтаномнай вобласцю і арыштаваў арганізатараў плебісцыту.
Паводле euronews.com