Жонкі заблакаваных на «Азоўсталі»: Мы гатовы стаць жывым шчытом дзеля эвакуацыі людзей
Жонкі, сёстры і матулі ўкраінскіх ваяроў, заблакаваных у Марыупалі, прыехалі ў Кіеў, каб прасіць урад пра больш актыўныя дзеянні. Яны кажуць, што гатовы выступіць у ролі жывога шчыта, калі гэта дапаможа эвакуяваць людзей у бяспечнае месца, піша ВВС.
Ваяры, пра якіх ідзе гаворка, знаходзяцца ў аблозе на
тэрыторыі металургічнага камбіната «Азоўсталь». Нядаўна прэзідэнт РФ Уладзімір
Пуцін загадаў атачыць тэрыторыю завода войскамі так, каб «муха не праляцела».
Сваякі заблакаваных вайскоўцаў кажуць, што мужчыны
знясілены, запасы ежы і вады заканчваюцца, піша журналістка ВВС Сара Рэнсфорд.
Сем'і больш за ўсё занепакоены тым, што ў перамовах з Масквой пра эвакуацыю з
завода гаворка галоўным чынам ідзе пра лёсы мірных жыхароў, а не салдат.
«Калі кажуць пра зялёныя калідоры ці эвакуацыю, кажуць пра
грамадзянскіх, а не пра вайскоўцаў, і я вельмі занепакоена. Вайскоўцы таксама
людзі», — кажа украінка Вольга, жонка аднаго з заблакаваных на «Азоўсталі» мужчынаў.
«Мы не павінны падзяляць салдатаў і мірных жыхароў: усе яны
нашы ўкраінцы. Усе яны павінны жыць. Мы не вінаваты, што на нас напалі», — кажа
іншая суразмоўніца ВВС.
Жанчыны заклікаюць улады ўзмацніць ціск і запатрабаваць
стварэння гуманітарнага калідора для ўсіх людзей, якія захраслі ў Марыупалі.
Прапануюць выклікаць святароў, прэсу, нават расійскія СМІ, калі гэта дапаможа,
каб гарантаваць бяспеку на маршруце. Але яны падкрэсліваюць, што час ідзе.
Дакладны лік тых, хто хаваецца ў Марыупалі, невядомы, але
мяркуецца, што іх сотні, у тым ліку некалькі дзяцей.
Паводле «Еўрарадыё».