Замах на мір
На працягу двух дзён баевікі Сапраўднай ірландскай арміі (RІRA) здзейснілі два тэракты. Ці значыць гэта, што мірны працэс у Паўночнай Ірландыі пад пагрозай? Спачатку 7 сакавіка пад выглядам прадаўцоў піццы тэрарысты патрапілі на вайсковую базу і забілі двух салдат. Праз 48 гадзін быў забіты паліцэйскі. У абодвух выпадках адказнасць за забойствы ўзяла на сябе групоўка Сапраўдная ірландская рэспубліканская армія (RIRA).
На працягу двух дзён баевікі Сапраўднай ірландскай арміі (RІRA) здзейснілі два тэракты. Ці значыць гэта, што мірны працэс у Паўночнай Ірландыі пад пагрозай?
Спачатку 7 сакавіка пад выглядам прадаўцоў піццы тэрарысты патрапілі на вайсковую базу і забілі двух салдат. Праз 48 гадзін быў забіты паліцэйскі. У абодвух выпадках адказнасць за забойствы ўзяла на сябе групоўка Сапраўдная ірландская рэспубліканская армія (RIRA).
RIRA — нелегальная тэрарыстычная арганізацыя, якая дзейнічае ў Паўночнай Ірландыі. Узнікла яна ў 1997 годзе, калі ў выканаўчым камітэце Ірландскай рэспубліканскай арміі (IRA) адбыўся чарговы раскол. За час існавання IRA, з 1913 года, такіх расколаў было некалькі. Часам пасля іх рэспубліканцы нават змагаліся паміж сабой.
Прычынай расколу 1997 года стала рашэнне партыі «Шын Фейн» (палітычнае крыло IRA) падпісаць дамову Добрай пятніцы пра мірны працэс у Паўночнай Ірландыі. Дамова прадугледжвала таксама прыпыненне вайсковых дзеянняў з боку IRA. Частка сяброў у яе кіраўніцтве (т. зв. група МакКевіта) прапанавала разарваць мірныя пагадненні. За што і была выключана з партыі.
У лістападзе таго ж года дысідэнты сустрэліся і абвясцілі пра заснаванне RIRA. Калі меркаваць па праграме і іншых дакументах арганізацыі, яе сябры з’яўляюцца артадаксальнымі прыхільнікамі ідэі ірландскіх рэспубліканцаў. Ірландская рэспубліканская дактрына як ідэйная канцэпцыя нарадзілася пад уплывам Французскай рэвалюцыі напрыканцы ХVIII стагоддзя. Галоўная задача рэспубліканцаў — стварэнне любымі сродкамі незалежнай ірландскай рэспублікі, у склад якой павінны ўвайсці ўсе 32 графствы вострава.
Дабіцца аб’яднання Ірландыі RIRA збіраецца праз вывад брытанскай адміністрацыі з Ольстэру «з дапамогай фізічнай сілы». Дамова Добрай пятніцы і прынятыя пазней так званыя Белфасцкія дамовы для сяброў RIRA былі здрадай радзіме. «Мой брат не за тое паміраў, каб брытанскія грамадзяне мелі роўныя правы з ірландцамі ў Паўночнай Ірландыі», — кажа адзін з заснавальнікаў RIRA, Сандзі МакКевіт, сястра легендарнага баевіка IRA, які загінуў у брытанскіх турмах у выніку палітычнай галадоўкі.
У тактычным плане RIRA капіруе схему баевікоў IRA, якую яны выкарыстоўвалі ў 80-я гады: разбурэнне з дапамогай бомб, закладзеных у машыны, эканамічнай інфраструктуры краю. Сваю першую акцыю арганізацыя здзейсніла 7 студзеня 1998 года. 9 мая таго ж года RIRA ўзяла адказнасць за забойства паліцэйскага. Самай буйной дыверсіяй групоўкі стаў выбух бомбы ў горадзе Ома. Тады загінула 29 чалавек. Крывавая акцыя ў Оме мабілізавала супраць RIRA не толькі паліцыю і армію. Сябры IRA арганізавалі сакрэтны рэйд па дамах, дзе жылі «сапраўдныя» і, думаецца, капітальна ім прачысцілі мазгі — канфрантацыя не была патрэбная рэспубліканцам. Ва ўсякім разе, да гэтага года буйных акцый RIRA не ладзіла.
Акрамя таго спецслужбам удалося нанесці моцны ўдар па кіраўніцтву RIRA. У 2001 годзе быў нават арыштаваны сам МакКевіт. Гэта на пэўны час стварыла ілюзію, што банда разгромленая. Адпаведна дакладу антытэрарыстычнай службы, сама групоўка нават развалілася на дзве фракцыі.
Новая хваля тэрактаў (прыкладна 1–2 на год) пачалася з 2008 года. 7 лютага 2008-га RIRA апублікавала спецыяльную заяву, дзе ішла гаворка пра тое, што арганізацыя прайшла фазу рэарганізацыі і вяртаецца да вайсковых дзеянняў. «Новы наступ» — так называўся чарговы этап дзейнасці RIRA. Аднак пасля закладзенай бомбы ў маі 2008-га пра «Новы наступ» не было чуваць нічога амаль год.
Гледзячы на рэакцыю ірландскага і брытанскага грамадства, відавочна, што «Новы наступ» абмяжуецца лакальнымі тэрарыстычнымі вылазкамі. Вярнуць сітуацыю да стану 70–80-х, калі ішла сапраўдная грамадзянская вайна, маларэальна. «Шын Фейн» і сацыял-дэмакраты — самыя ўплывовыя палітычныя структуры сярод каталікоў Паўночнай Ірландыі — асудзілі тэракты RIRA. За апошнія гады ўсе палітыкі сталі разумець, што суседства каталікоў і пратэстантаў — факт і рабіць сур’ёзную палітыку можна толькі прызнаючы гэта.
Прычым «Шын Фейн» увогуле ўпершыню раскрытыкавала акцыі «сапраўдных». Марцін МакГінес — сябра паўночнаірландскага ўраду ад партыі «Шын Фейн» — заявіў: «Я — былы баявік IRA, аднак вайна цяпер закончылася. Людзі, якія адказныя за інцыдэнт з бомбай, хацелі развязаць вайну. Мы не дазволім ім гэтага зрабіць».
Тым больш тактычна напад на базу не меў ніякага сэнсу для барацьбы супраць брытанскіх акупантаў. Салдаты, якіх забілі тэрарысты, збіраліся пакінуць Ірландыю. Іх частка пераводзілася ў Афганістан.
Тэрарысты ўжо не маюць ранейшай сацыяльнай базы. Былыя баевікі IRA выконвалі ў каталіцкіх кварталах функцыі паліцыі: змагаліся са злачынцамі і гандлярамі наркотыкаў, ахоўвалі жыхароў ад атак пратэстанцкіх экстрэмістаў. Камуна ў сваю чаргу давала ім прытулак і маладыя кадры. Баевікі RIRA дзейнічаюць як падпольшчыкі. Праўда, гэта для іх пазітыўны момант: паліцыі і спецслужбам цяпер не так проста засылаць у асяроддзе тэрарыстаў сваіх агентаў і інфарматараў.
Сыходзячы з таго, што акцыі тэрарыстаў наўрад ці падарвуць мірны працэс, у фокусе грамадскай палемікі паўстала пытанне пра тое, чаму ірландскі тэрарызм праз дзесяць гадоў міру працягвае заставацца сацыяльнай з’явай?
Трэба прызнаць вялікую і прывабную ідэйную моц ірландскай рэспубліканскай традыцыі, часткай якой ёсць права нацыі на супраціў. Брытанска-ірландскі канфлікт, які мае амаль 400-гадовую гісторыю, адлюстраваўся амаль на кожнай ірландскай сям’і, што стварае эмацыйную глебу для зацікаўлення ідэямі экстрэмістаў. Нарэшце, RIRA звязаная з арганізаванай злачыннасцю. Той жа МакКевіт займаўся гандлем зброяй, якую ён прывозіў з Югаславіі, дзе ішла вайна. Агрэсіўны нацыяналізм робіцца часткай крымінальнай субкультуры, інстытуты якой практычна немагчыма разбурыць.
Між тым, два тэракты з боку экстрэмістаў (няхай дробных і пазбаўленых грамадскай падтрымкі), моцна паўплывалі на агульную атмасферу ў Аб’яднаным каралеўстве. Прычына зразумелая: праз некалькі дзён у Вялікабрытанію прыязджае прэзідэнт ЗША Барак Абама.